З двара прыйду і сяду ля агню.
Палаюць дровы. Ссечана капуста
На градах — блаславенне дню.
Змрок у палях — там сіберна і пуста.
Узыдзе месяц позна. На парог
Я ноччу выйду. У нямым здранцвенні
Паветра, далеч. Серабрыцца лог
За сажалкай — на ім снуюцца цені.
О роднае маё! Як доўга да цябе
Ішоў я, кволы падарожнік.
О весялосць у восеньскай журбе!
Агонь.
Саган.
Вуголле і трыножнік.