Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Беларускi паланэз

Сярэдняя: 4.2 (14 галасоў)

Возьмi, панна, белы бэз
Цi чырвоную вербену:
Распачнема паланэз
Нетаропкi i нятленны.
Распачнем апошнi баль
Перад доўгiм развiтаннем,
I ўзляцiць да неба жаль,
Пераплецены з каханнем.

Паланэз, паланэз,
Ты ляцi з Дняпра на Нёман
Над палямi, цераз лес,
Праз густы птушыны гоман.
Ты на танец запрашай
Беларускую сябрыну.
Карыльён, званчэй iграй
На званiцы ўвечарыну!

Возьмi снегавы язмiн
Цi пунсовую вяргiню:
Нашых продкаў успамiн
Анiколi не загiне!
Бачыш, панна, навакол
Побач з намi сталi пары:
Вострых шабель частакол
I крылатыя гусары!

Паланэз, паланэз,
Ты ляцi з Дзвiны да Буга:
Шаблi рыцарскай эфес
Ды шырокая папруга!
Ты на танец запрашай
Беларускую суполку:
Крочуць Гомель, i Пяршай,
I мястэчка з iмем воўка!

У цябе рдзяны вiдук
Цi жамчужная пралеска:
Мы за кругам пойдзем круг,
Мая любая нявеста.
На сукенках чараўнiц,
На хвалюючых гарсэтах,
Нiбы iскры блiскавiц,
Зоркi бел-чырвоных кветак!

Паланэз, паланэз,
Ты ляцi на Сож ад Шчары:
Не патрэбен нам англез,
I няма аб вальсе мары!
Ты на танец запрашай
Беларускую айчыну!
Пацалунак, панна, дай.
Не саромейся, дзяўчына.

Палымнеючы гваздзiк,
Мацiцовая валошка,
Невялiчкi чаравiк
Ды какетлiвая ножка –
Як шкада, што нам з табой
Не прызначана вянчанне,
Бо шляхецтва йдзе на бой,
Гарадзенцы i мiнчане.

Адпачнi, палiтэс,
Сярод селiшчаў i вёсак,
Беларускi паланэз
Узлятае да нябёсаў!
Паланэз, мацней iграй!
Бей, лiтаўра, апантана!
Кавалеру руку дай,
Пераборлiвая панна.



Вельмі добры, вясёлы і

Вельмі добры, вясёлы і патрыятычны вершык.Вялікі дзякуй вам паэты што вы ёсць.

Цудоўна, дзякуй вам за такую

Цудоўна, дзякуй вам за такую прыгажосць.

Гэта Вам дзякуй!

Гэта Вам дзякуй!

Цудоўна! Ці напісана музыка

Цудоўна!

Ці напісана музыка да гэтага верша? Калі не, трэба абавязкова "сустрэць" яго з музЫкамі.

І... ў сядзібу Агінскага — на баль!))

Lazzaro

Паважаны Lazzaro, вялiкае Вам

Паважаны Lazzaro, вялiкае Вам дзякуй за добрыя словы!
Адказваю па пунктах:
1) «Анёла Януша» я пiсаў адну ноч. Проста ён сам пайшоў з мяне. Ён лёг на паперу аднiм разам, толькi казку пра востраў Абрыкос прыйшлося перапiсваць тры разы, бо яна атрымлiвалася вельмi страшная, а я разумеў, што страха тут быць не павiнна – дзяцей патрэбна суцешыць;
2) Акрамя «Маладосцi» и сайта, мяне калi-нiкалi (3-4 разы на год) можна знайсцi ў «ЛiМе». (Дарэчы, па-першае, праз месяц звярнiце ўвагу на шосты нумар «М.» за 2017г.; па-другое, калi вырашыце чытаць «Каятана Чабора», гэта таксама лепей рабiць у «М.», бо ў iнтэрнэт-варыянце ёсць шмат незаўважаных мной моўных хiбаў). З «Полымем», магчыма, знойду агульную мову ў гэтым годзе. З «Дзеясловам» – палiтыка ўзброеннага нейтралiтэту.
3) Вершаў не вельмi шмат, бо я па-беларуску (i, наогул, вершы) пiшу з сярэдзiны 2015г. Да таго ж, не хочацца скочвацца ў праклятую беларускую трыяду «матулiна мiлагучная мова, родная вёсачка, вайна».
4) Наконт музыкi для «Беларускага паланэза», то, на няшчасце, кампазiтараў знаёмых у мяне пакуль няма. Але, што тычыцца музыкi, я, калi пiсаў «Паланэз», слухаў для настрою паланэз Войцэха Кiляра з фiльма «Пан Тадэуш». Паспрабуйце знайсцi яго ў ю-тубе. Мне здаецца, што настроi падобныя.
Калi ёсць iншыя пытаннi, то пiшыце gleb-goncharov@yandex.ru, бо не пра ўсё нават трэба гаварыць так шырока. Дзякую. Г.Г.

Дзякую, шаноўны Глеб! Вось і

Дзякую, шаноўны Глеб! Вось і на Вас пацвердзілася тое, што ў кожнага з нас было шмат чаго да існуючага жыцця. Бо вершы Вашы, безумоўна, напісаны не пачаткоўцам, які робіць першыя крокі, а сталым Майстрам (які ці не пісаў у мінулым жыцці? І ці не прайшоў разам з Янушам Корчакам увесь яго апошні шлях?).

Дзякую за асалоду ўбачыць свет Вашымі вачыма!
І жадаю Вам, каб Ваша крынічка стала паўнаводнаю ракою, якая наталяе акіян. Хаця... ці магчыма яго наталіць?

Lazzaro

Паважаны Lazzaro, толькi што

Паважаны Lazzaro, толькi што ўведаў, што разам з Корчакам i ягонымi дзяцьмi загiнуў берасцейскi iўрыт-паэт Арон Любашыцкi. Так што, чым чорт не жартуе з Вашай гiпотэзай! Хаця ў маей пшэцкай пысе ад Адама анi кроплi, хутчэй за ўcё, габрэйскай крывi не прасочваецца.