Да закінутай вёсачкі, Богам забытай,
Дзе дзіцячага смеху нідзе не пачуць,
Дзе ўжо крамы няма, ганак школы разбіты,
Я, ў дарозе стаміўшыся, мусіў звярнуць.
Тут калісьці жылі, і даволі багата,
Грамадой працавалі на шчодрай зямлі,
Але, вось – амаль усе закалочаны хаты
І палі пустазеллем ужо зараслі.
Маладзенькія ў горад даўно паўцякалі
Дыскатэкаў і лёгкага хлеба шукаць,
А старых год за годам усіх пахавалі –
І руку ўжо нікому няма тут падаць.
Акрамя трох бабулек ды дзеда старога
Тут ніхто не адчыне скрыпучых дзвярэй.
На ўсю вёску адна засталася карова
Ды з дзесятак які захудалых курэй.
Іх усіх сцеражэ небрахлівая шаўка,
Што не кінула вёску і гэтах старых,
Чый сусвет – тэлевізар ды 'шчэ аўталаўка,
Што калі-нікалі прыязджае да іх.
Але, што ім купляць? Толькі хлеба ды солі,
Ды запалак, ды, можа, крыху якіх круп
Дзе тых грошаў набраць, каб прыдбаць нешта болей?
Ім ячкі – прысмакі, ды каша, ды суп.
Ім бы сілы знайсці, каб дабрацца да печы
І ў спякоту няшчадную крыху паспаць.
Ім бы, гэтым старым, у цянечку прылегчы,
А яны пачалі вось мяне частаваць!
Але ў сэрцы зрабілася горка і смутна
І заскрыбліся кошкі чамусьці ў душы.
Я папіў малачка, нібы сын які блудны,
І цішком пацягнуўся ізноў да шашы.
Колькі ж гэтакіх вёсачак з картаў сціраюць!
Іх знішчаюць і дзеянні нашы, і час…
Але ж часам у снах вёскі зноў ажываюць,
Каб, як родная маці, маліцца за нас.
гэты верш да глубіні душы
гэты верш да глубіні душы мяне закрануў! Вялікі дзякуй Таццяне Дзяь'янавай!!!