Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам,
з надзеяй выйшаўшы з варот,
чатыры цяжкія задачы
яна рашае кожны год.
Вясна ідзе — у нашай цёткі
турбота першая нудзіць:
ну як жа, як жа гэта соткі
ў далёкім полі пасадзіць?
А пройдзе месяц-два — і зноўку
даймае клопат без канца:
як быць — ці ўдасца на кароўку
прыдбаць і сёлета сянца?
А восень выгляне з бярозы,
трывога сядзе на шчаку:
як выбраць бульбу да марозу,
дзе ўзяць на гэта талаку?
Яшчэ пытанне не пустое
плыве па восеньскай смузе:
а хто мне з лесу сухастоін
вазоў хоць пару прывязе?
Тут ёсць удачы і няўдачы —
усяк бывае на душы.
Чатыры цяжкія задачы,
хоць і няма ўжо сіл — рашы!
Ды ёсць цярпенне і карпенне,
жыццё — з будзільнікам зары.
I ходзяць старасць з утрапеннем,
нібы ў абдымку, па двары.
Турботы сталых, ці
Турботы сталых, ці дарослых...
Як маладым іх зразумець?
Як растлумачыць восень вёснам?
Хай вось пасеюць - будуць мець!