Горад асенні, горад настылы,
Льдзіна пасцелі выстудзіць жылы,
Нібы ў магіле на самым дне,
Холадна мне.
Ці засынаю, ці паміраю?
Снам ратавальным сябе давяраю.
Хворае сонца ў акно зазірне.
Холадна мне.
Доўжыцца час без патолі і веры,
Выстудзіў холад людзей недаверам.
Даўняя згадка святло адамкне.
Холадна мне.
Дзе яна, тая пара залатая?
Час анічога назад не вяртае.
Дзякуй, хоць некага восень міне.
Холадна мне.