Захаванае сонца ў далонях Вялікага Бога,
 Захаванае сонца, дзе хворыя дзеці пяюць.
 Мне здаецца знаёмай мая незямная трывога,
 І зьнямогу маю тыя рукі да сонца бяруць.
 Я табе раздару ўсе прапітыя куфары кніжак,
 Я табе разламаю апошні кавалак мацы -
 Толькі рукі худыя схавай: ты пабачыш узвышша,
 На якое на крылах, на крылах маіх узьляцім.
 Дзеці-дзеці глядзяць і зьвіняць - вінаваціць ня буду.
 Дзеці-дзеці заўсёды-заўсёды глядзелі далей.
 Я па пёрку раздам, я па пёрку ім крылы здабуду,
 Пакладу іх на вершы і мёд, пасаджу іх на клей.