У вечар калядны,
святы, дабрахочы
забудуцца крыўды
і боль заадно,
І будзе з надзеяй
між цемры і ночы
калядная зорка
глядзець у акно.
Калядныя мроі
заўсёды пра шчасце,
пра нашую долю,
любоў і сям’ю.
Каб мары збыліся,
знайшлі сабе выйсце,
калядная зорка
сышла на зямлю.
Азорыцца ранак
новай надзеяй.
І сонца паверне
на дзень і святло.
Заплачуць дажджамі,
адлігай завеі.
Пад зоркай народзіцца
вера ў дабро.