Зэльвеншчыне
Край мой сінявокі! Родныя мясціны!
Елачкі на ўзлеску, сырамятны пах.
Вецярок лагодны гойдае прасціны
Жыта і пшаніцы…Як прыгожа! Ах!
Не акінуць вокам велічы прастораў!
Сцежачка да лесу ўецца ланцужком,
Сонейка гуляе ў хованкі з чаборам,
Хутка з чорнай хмары грымне басам гром.
Бор да боку туліць малады сасоннік,
Дождж вось-вось пачнецца, змые лета пыл,
А руплівы ветрык чэша травам скроні,
Ды лістком махае лекар-дзевясіл.
Прыгажосць наўкола, адчыняе дзверцы
Ў рай блакітнавокі Беларусь-краса.
Як магнітам цягне прытуліцца сэрцам
Да травінкі кожнай, дзе блішчыць раса.
Не налюбавацца родным наваколлем,
Дзе табе ўсё рада, блізкае, сваё…
Шчырая Радзіма! Мілае прыволле!
Мы адну з табою песеньку пяём.