Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Уладзімір Ясеў Купалле

Сярэдняя: 3.6 (5 галасоў)

Дзень распаўся на прысак,
камары таўкуць мак,
і лунае нарцысаў
даўкі водар і смак.

Месяц трапіў у пастку
вечаровай пары.
Прачынаюцца казкі
на заснулым двары.

Нас Бадзюля гукае,
у гушчар Блуд вядзе,
касны крылы ўзнімаюць,
Жэўжык сеткі прадзе.

На нізінным пакосе –
слёз крынічны падман,
у русалчыны косы
сны ўплятае туман.

То Пярэсна смяецца,
наганяючы сум,
то нахабна скрабецца
гарбаносы Лясун.

І вядзьмарскаю хеўрай,
засядлаўшы вятры,
адлятаюць у цемру
аж да Лысай гары.

Ад паганскіх усячын
серны пыл на крыжах…
Мы праз вогнішчы скачам,
адганяючы жах:

можа Жыж непрыкметны,
абыходзячы цень,
нас да папараць – кветкі
сапраўды прывядзе

ў царства казак і мараў…
А вакол ўсё цямней.
Чалавек ці пачвара
ў нашы душы зірне?