Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Легенда пра Марыну ( Ваўкавысскія легенды)

Сярэдняя: 3.9 (10 галасоў)

Легенда пра Марыну ( Ваўкавысскія легенды)
(Напісана па матывах народных легенд і паданняў)
1
Калісьці на горцы, ці можа гары,
Стаяў сярод лесу мур-замак стары.
Падобны да зданя, пануры і шэры…
Свяціліся з цемры вялізныя дзверы.
2
Магутную крэпасць нагадваў здалёк.
Нат воўк не адважваўся выць у той бок.
Нядобрае людзі казалі пра замак -
Нібыта і дзверы былі там без клямак.
3
У мур падарожнікаў дзверы ўпускалі.
Вось толькі ў муры гэтым людзі знікалі.
Ніхто не вяртаўся - ні следу, ні роду -
Пагінула многа ў тым замку народу.
4
Наводзіў таемнасць і жах гэты мур -
Прыцягваў, заглытваў, як бездань віхур.
У лесе ля замку не птушкі спявалі,
А жабы рапушныя коньмі іржалі.
5
І жыў у муры тым адзін гаспадар -
Князёк малады, сімпатычны на твар!
Яшчэ прыгажун гэты быў не жанатым,
Таму паглядаў на мясцовых дзяўчатаў.
6
Тутэйшым нявестам ён быў да спадобы,
Але сярод іх не знайшлося зазнобы.
На балях быў рэдка, вандроўнічаў з соўкай.
Казалі, што чулі, як выў княжа воўкам.
7
Ці праўда ці не? Невядома нам гэта.
Але вось аднойчы ў гарачае лета
Адправіўся князь па цяньку падарожыць
Сустрэў на шляху ён маёнтак прыгожы.
8
Жыў пан у маёнтку, не вельмі багаты.
Былі ў яго дочкі - красуні дзяўчаты!
Адна з іх, Марына, у садзе гуляла,
Зірнула на князя і пакахала…
9
Не зводзіў і княжа пагляду з дзяўчыны
- Як зваць цябе, панна? - Спытаўся. - Марына. -
Сказала паненка і твар заірдзеўся…
Юнак усміхаўся. Дзе гонар падзеўся?
10
Згубіў з той хвіліны спакой князь і ночы -
Як толькі самкне, каб саснуць свае вочы,
Марына стаіць прад вачыма, як фея,
І князь перад вобразам панначкі млее…
11
І ўрэшце заслаў князь сватоў да Марыны,
Бо звычай такі быў у тыя часіны -
Дазволу пытацца на шлюб у бацькоў.
Адмовіў пан князю, адправіў сватоў.
12
- Нягожа - казаў,- шлях сястры пераходзіць.
Няхай перш старэйшая замуж выходзіць.
Для князя адказ быў знявагай для роду,
Задумаў адпомсціць ён з гэтай нагоды.
13
Сустрэцца з Марынай дамовіўся ўранні
І прапанаваў ёй тады выкраданне.
Згадзілася панна дамоў не вяртацца,
А стаць князю жонкай, князёўнаю звацца.
14
Прашоў нейкі час - можа дзень, можа болей -
Паслаў пане-бацька шукаць Маню ў полі.
Шукалі на лузе, у лесе, ля гаці,
У ветра пыталі: « Дзе доню шукаці?»
15
Нідзе не было яго роднай крывінкі,
Малодшай дачушкі ды любай Марынкі.
Адправіўся пан наш тады ў падарожжа
Шукаць чарнакніжніка, мо дапаможа?
16
Нарэшце знайшоў вядзьмара:«Пан вяльможны,
Скажы дзе знайсці маю донечку можна?»
Вядзьмар адказаў, што Марына жывая,
У князевым замку на гусельках грае.
17
Твар пана ад болю і злосці змяніўся -
На момант збялеў і нат перакасіўся.
Разгневаны, вырашыў князю адпомсціць,
Паклікаў матулю парадзіцца ў госці.
18
Паслухала моўчкі аповед матуля.
Бо ўбачыла, як князь унучачку туліць.
Марынцы няшчасця яна не жадала,
Таму: «Прымірыся, сыночак.» - Сказала.
19
Але пан пакрыўджаны не прымірыўся.
З бядою ў маёнтку сваім зачыніўся.
Што бедны задумаў? Ніхто не адкажа.
А твар пачарнеў, як у коміне сажа.
20
Тым часам, князь добра жыў з жонкаю ў замку.
Ды неяк прысніў дзіўны сон на світанку -
Як быццам ля мура, у недрах гары,
Закопаны скарб у глыбокай нары.
21
Той скарб сцеражэ вартаўнік адназубы,
Баіцца ён толькі паветранай згубы.
Як толькі да скарба паветра пранікне,
Тады вартаўнік задыхнецца і знікне.
22
Узрушаны сном князь прачнуўся і - ходу -
Збіраць капачоў працавітых з народу.
Як досыць сабраў, стаў раскопваць гару,
Каб толькі паветра пусціць у нару.
23
На справе, не ў сне, не бывае ўсё проста -
Капаннікі мерлі, хварэлі каростай.
Аднойчы, быў выпадак - так трасянула,
Што нават сам замак гара праглынула.
24
Спалохаўся князь, у лясы збег ад страху.
Не ведаў ніхто з той пары яго шляху.
І вось князь аднойчы ў сваім вандраванні
Прыйшоў да хаціны. Так зычыць паданне.
25
Жыла ў той хаціне старая бабуля,
Была яна ведзьмай і пана матуляй.
Заўважыла князя бабуля здалёку
І ператварылася ў птушку, сароку.
26
Ляцела за князем і штось стракатала,
А перад хацінай дзяўчынаю стала.
Бяляваю, скура, як быццам з расы…
З народзін не бачыў такой князь красы.
27
Князь ветліва з дзевай лясной павітаўся,
Дзяўчыне (што ведзьмай была) спадабаўся.
Задумала ведзьма зрабіць яго мужам
Сваім, бо хацела быць жонкаю дужа.
28
Але пра свой план юнаку не сказала.
Сустрэла, як госця, віном частавала.
Распытвала, дзе вандраваў, што шукае?
Даўно ці нядаўна ў тым лесе блукае?
29
Разжаліўся князь, расказаў свае беды -
Пра замак, пра жонку, пра пана суседа…
Юнак наракаў на свой лёс і на долю,
Што зараз - адзін ён, як вецер у полі.
30
Паслухала князеву ведзьма размову:
- Я выпраўлю справы, - сказала, - з умовай,
Што ты ля мяне назаўжды застанешся
І мужам законнным маім назавешся.
31
Падумаў юнак, з прапановай згадзіўся.
І ўрэшце на ведзьме старой ажаніўся.
Не ведаў, што ведзьма яна і, што маці
Для пана суседа, чыім ён быў зяцем.
32
Не просты сын-пан, чараваць мог, як маці,
Умеў ваўкалакам выць, чортам лятаці.
Пасля ўцёку князя пан мур аднавіў,
Марыну знайшоў і з тых пор сам там жыў.
33
Да ведзьмы-матулі лятаў на палудзень,
Не ведаў, што князь ужо мужам ёй будзе.
А хітрая ведзьма рабіла ўсё так,
Каб князя сын-пан не сустрэў аніяк.
34
Здалёк сустракала, садзіла абедаць,
Бо нельга пра князя было яму ведаць.
- Не будзе ёй шчасця, пакуль сын жыве -
І раптам узнік план ліхі ў галаве,
35
Што трэба ёй звесці сыночка са свету -
Падсыпаць атруты ў талерку з абедам.
Заснуў пан навекі ад ежы атрутнай.
Зняла з яго ведьма каменьчык трохкутны.
36
Каменьчык не просты - скажы заклінанне -
І кожнае споўніцца ў момант жаданне.
З каменьчыкам ведзьма багіняю стала,
Шыкоўны палац для сябе збудавала.
37
Але нездарма людзям дадзены лёс.
Разгневаўся Бог Справядлівых Нябёс,
Бо вельмі вядзьмарка яго раззлавала
Бязмернасцю зла, што сабе дазваляла.
38
Палац разбурыў Бог. Вадой змыў у пекла.
І ведьма кудысьці ад сполаху збегла.
А князь у абдымках русалак прачнуўся,
Каля Валкавыі-ракі апынуўся.
39
За Папараць-кветкаю ўбачыў Марыну,
Прасіў прабачэння, маліў: «Не пакіну!»
Марына зляцела і не адгукнулася
Да гор Ваўкавыскіх нагой дакранулася.
40
Адкрылася прорва з грымотай і з гулам,
А ў ёй - княжы мур, што зямля праглынула.
Марына ў пакоі яго заляцела
І шанецу больш бачыць князя не мела.
41
З тых пор князь хадзіў па зямлі ваўкалакам:
Блукаў, зваў Марыну, начамі выў, плакаў.
Аднойчы, прабіты стралой паляўнічай,
Ён прывідам стаў з чалавечым абліччам.
42
Народ часта бачыў прывід чалавека,
Які пад зямлю апускаўся, у пекла,
Затым падымаўся да гор Ваўкавыскіх,
Марыну шукаў там, як лыжачка міскі.
43
Марына з палаца свайго вылятала
Ды толькі тады, калі ноч апускала
Прывід пад зямлю пакаранага князя.
Вярталася ў замак, калі той вылазіў.
44
І гэта быў кошт ім за непаслухмянасць,
Знявагу да бацькі, каханню адданасць…
Адзін аднаго з той пары і шукаюць.
А людзі легенды аб гэтым складаюць.
Мінск, 21лютага 2021г.