Упаў на траву, на пясок,
Кануў у Лету.
Няўжо гэты жоўты лісток
Кружыць планету?
Мінаюць пагодныя дні,
Вецер — на слоту.
I прагне душа чысціні,
Гоніць маркоту.
Ісці па жыцці, па слаце
З думкай харошай.
I скроні, і даль замяце
Белай парошай.
Пасля жураўлі прыляцяць
З выраю цугам.
Жыццё пачынаць, паўтараць
З першага круга.
Зямля дасць і колер і сок
Новаму цвету...
Няўжо гэты жоўты лісток
Кружыць планету?