У небе — рух. Тварцы сягаюць
на добрых коніках сваіх.
Ды так далёка залятаюць,
што больш і не чуваць пра іх.
Гурбой паэты маладыя,
натхнёныя і дзёрзка-злыя,
куміры (будучыя) мас,
выкрыкваюць: «Парнас — для нас!»
Хады чарговага рамана
празаік сачыняе апантана.
Сядзіць, не дасыпаючы начэй.
І ён — заўважаны, абраны:
вялікі поспех, проста нечуваны,
яго таміны маюць у мышэй.
Маркоціцца стары паэт…
Раней карміўся словам «Ленін»;
цяпер наўкола перамены;
не купіш «Леніным» абед.
А так нядрэнна ад дзяржавы
займець такі-сякі прэзент!
І пачынае творца жвава
накідваць оду — «Прэзідэнт».
1999 г.