Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

На Беларусі Бог жыве

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

“На Беларусі Бог жыве”,
Так кажа мой просты народ.
Уладзімір Караткевіч

Паціху час ад нас плыве,
Гартае восень лісце…
“На Беларусі Бог жыве”, –
Пісаў паэт калісьці.

Гудуць пытанні ў галаве:
Ці верыць нам паэту?
Ці сапраўды тут Бог жыве
Ад сатварэння свету?

Паэт на небе. Запытаць
Ён можа ў Бога прама,
А нам – гісторыю чытаць.
І Біблію таксама…

Крылом благаслаўляе край
Святая птушка – бусел…
Дык, можа, планаваўся рай
У нас на Беларусі?

Праектаў боскі быў маштаб
Ў будоўлі і аздобе:
Фундатар, дойлід і прараб –
Бог у адной асобе.

Быў здольны ўсё адзін зрабіць:
Не зломак, не калека.
Але памочніка стварыць
Задумаў – чалавека.

Сабраўшы гліну, бруд і пыл,
Бог, як галоўны творца,
Усё зрабіў на свой капыл.
Вось маху даў празорца!

Бо для працягу творчых спраў,
Каб не сышла руплівасць,
Ён творчасць чалавеку даў –
Галоўную ўласцівасць.

А ўсім народам запавет –
Ладкуйцеся як трэба.
Вось вам з іголачкі Сусвет:
Зямля, Вада і Неба.

Стварыў Прастору ён і Час –
Цяжкая ў Бога праца –
І так зрабіў, каб кожны з нас
Мог чалавекам звацца.

Дзяліў на ўсіх багацце Бог,
Каб не было спакусы.
Амаль усё, што даць ён мог,
Займелі беларусы.

Я не шкадую небу слоў
Падзякі за прытулак –
За край зуброў, баброў, буслоў,
Балот, азёр, рачулак…

Не назаву я край другі,
Збыліся Бога словы:
Як з аксаміту мурагі,
І пушчы, і дубровы.

Азёры з рыбай і бары,
Дзе хвоі аж да неба –
Рай боскі, што ні гавары,
Нічога больш не трэба.

Не ведаю, з якіх прычын,
Але на ўсёй планеце
Не знойдзеш больш такіх жанчын –
Найпрыгажэйшых ў свеце!

Утульны край, цнатлівы кут –
Жыві, ўздымай аблогу.
Не дзіўна, што калісьці тут
Жылося добра Богу.

Госць завітае – Бог у дом, –
У народзе так казалі,
І храм – уласны Богу дом –
Прыгожа будавалі.

Стаялі побач з даўніх пор:
Касцёл і сінагога,
Царква і пратэстанцкі збор –
На свеце ўсё ад Бога.

Так. Меў у нас прытулак Бог.
А калі ўспомніць вёску –
Крыжы на ростані дарог
Вялі ў жыццё па-боску.

Здараліся і ў нас грахі,
Але заўсёды прама
На Беларусі ўсе шляхі
Вялі людзей да храма.

Вяліся тут і мужыкі –
Не цельпукі, не зломкі…
Вось толькі лёс дурны такі:
Пры ўладзе – пустадомкі!

Адных цягнула ў маскалі,
А іншых – у палякі,
Як быццам на чужой зямлі
Раскіданы прысмакі.

То не такія ім крыжы,
То кепскія іконы.
Дайшлі ў змаганні да мяжы,
Забыўшы ўсе законы.

Далей у лес – дык болей дроў!
Хоць з краю наша хата:
Стагоддзямі лілася кроў –
За памяркоўнасць плата.

Збіў з панталыку нехта нас
Ці збочыла дарога,
Як той казаў, ды ў пэўны час
Амаль зракліся Бога.

З сабораў скідвалі званы,
Здзіралі нават бляху,
Але маўчалі перуны –
Зноў, пэўна, Бог даў маху?

Калі марксісцкі маналог
Сягнуў да крайняй рыскі –
Ў бамжы падаўся ціха Бог…
Што зробіш без прапіскі?!

“Дай, Божа, ў добры час сказаць”, –
Тады казалі продкі, –
“А у нядобры – памаўчаць”:
Наш век такі кароткі!

Таму, як лёкай ці звырод,
Ці, мо, жабрак – убога
Жыве рахманы наш народ.
Ці, можа, брак у Бога?

Стаміўся, пэўна, ад турбот:
Нялёгка быць прарабам,
Ствараць жыцця кругаварот
Славянам ды арабам.

Раней тварыць ён цуды мог,
Але апошнім часам
Амаль зусім знясілеў Бог
З нямоглымі сам-насам.

На жаль, задураны мазгі
Наўмысна нам з калыскі:
Маўляў, начальства ці багі
Даюць нам мяса ў міскі.

Куды падацца мужыку? –
Абкладваюць, як воўка:
Поп з партупеяй на баку,
А ў краме – паўлітроўка!

Не разумею, хоць памры,
Сучаснага пакрою.
Якія ж гэта святары,
Што свенцяць нават зброю!?

Здаецца, зараз у царкве,
Хоць там пяюць дыскантам,
Няўтульна неяк Бог жыве,
Як быццам кватарантам.

Навошта залацяць крыжы,
Ніхто не разумее.
Няўжо без золата пражыць
Ужо і Бог не ўмее?

Калі з маленечкай царквы
Дашчэнту здзерлі гонту,
Ну дзе ж тут будзе Бог жывы
Сярод еўрарамонту?!

Усё нагамі дагары:
Амаль што побач з ракай
Цяпер гандлююць святары
Гарэлкай і табакай!

Запомніла Хрыстову кроў
Ерусаліма брама
Таму, што хцівых гандляроў
Папёр Збавіцель з храма!

Улада ціснецца ў царкву.
Ды нешта тут нячыста!
Як праваслаўе ў галаву
Палезла атэістам?

Зусім другі партрэт вісіць
Ў начальніка з акантам.
Не зможа Бог ніяк пражыць
Тут нават кватарантам!

З прыроды робяць нацюрморт,
Ну як жа тут не спіцца?
Чым толькі не жартуе чорт,
А Богу добра спіцца!

І занядбаная ралля
Чакае марна зерня.
Надзея гіне спакваля,
Што Бог нам нешта верне.

Дурныя думкі ў галаве,
Даруй за ўсё, Ісусе!
Не ўцямлю, як жа Бог жыве
З пачварамі ў хаўрусе?!

Не трэба мне царкоўны спеў,
Не звабяць нават чэрці,
Калі, нарэшце, зразумеў:
Галоўны храм – у сэрцы!

Народнай прымаўкі гваздок
Ярчэе, быццам срэбра.
У Даля ў слоўніку радок:
“Бог не ў бярвенні – ў рэбрах”

Таму паэт і сэрца рве,
І піша ён, упарты:
“На Беларусі Бог жыве”, –
І гэта, брат, не жарты!

Не трэба Богу, далібог,
Ліслівыя паклоны, –
Ён бачыць сцежкі ўсіх дарог,
Свае ў яго законы.

Ва ўсе часы з нас кожны мог
На Бога спадзявацца.
Не кіне нас ніколі Бог,
Прынамсі, як дарадца.

На прыказку: “Паможа Бог!”
Адказ заўжды гатовы:–
“Казаў жа Бог, каб ты памог!” –
Навошта тыя словы?

Няўмела Бога зноў малю,
Ад сораму згараю:
Дай, Божа, мне маю зямлю,
Тады не трэба раю!

Як кажуць, ўсе мы тут ў гасцях:
На свеце ўсё ад Бога,
Але заўжды свой ладзім шлях
З бацькоўскага парога.

Няхай жаданне перамог
Мацнее з кожным годам.
Свабоду волі даў нам Бог,
Як і другім народам.

І край, і Бог ад нас знямог –
Пара збіраць каменне.
Сінонім ёсць у слова "Бог" –
Уласнае сумленне!

Свабодай боскай даражыць
Заўсёды трэба, браце,
Бо нават Богу цяжка жыць
Ў чужой, няўтульнай хаце.

Бог нам пакінуў запавет,
Адказнасць даў за ролю:
Ствараць далей прывабны свет
Без лаянкі на долю.

Бог зноў да творчасці заве!
Бог верыць Чалавеку!
На Беларусі Бог жыве.
І хай жыве.
Давеку!



Кожнае слова знайшло месца ў

Кожнае слова знайшло месца ў сэрцы. Толькі засталася надзея, што Бог вернецца ў нашу мілую Беларусь, Што ён не пакіне нас у жаданьні скінуць з цела краіны ўсю нечысць, пачвару. Шчыры дзякуй за верш!!!!

День добрый. Прекрасные

День добрый. Прекрасные стихи!!! Распечатала несколько четверостиший для сына (легко наизусть учить, а то порой такая нескладуха) и сама зачиталась. На белорусском языке сама не говорю, однако, все "словы зразумелы" и с содержанием полностью согласна: бог внутри нас, это наша совесть. Если жить в ладу с совестью и другими людьми, то ты и есть верующий человек, а не тот, кто с вербочкой в церковь идет, причем порой уже изрядно во хмеле.

Добры дзень! Прабачце, што не

Добры дзень!

Прабачце, што не адказаў адразу. Даўно не заходзіў на гэту старонку. Вялікі дзякуй за добрыя словы. Прыемна!..

З найлепшымі зычэннямі Георгій Ліхтаровіч