Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Надзея

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Неяк нястрымна,
Імкліва мінае жыццё.
Сумна…
Туляюся больш за паўвека па свеце:
Скроні ссівелі
І сталі дарослымі дзеці,
І, тым не менш,
Кожны дзень для мяне –
Адкрыццё!

Колькі пражыта на свеце чароўных мінут!
Быццам вясёлка іскрыцца
Ў крышталіках лёду –
Дорыць жыццё асалоду,
Як кропелькі мёду,
Каб не загорка было паміж бед і пакут.

Вось ужо восень,
І хутка ізноў халады.
Не разумею –
Хутчэй адчуваю я сэрцам:
Век – для жыцця,
Але будзе імгненне для смерці,
Што б ні рабіў – анічога не возьмеш туды.

З кожнай хвілінаю менш разумею жыццё,
Холад самоты дае мне ў адказах навука.
Песню не створыш ніяк
З камертоннага гуку,
Песню без сэрца чакае заўжды забыццё.

Колькі адмерана? –
Зноўку пытанне дрыжыць.
Колькі разоў
Мне спяе сваю песню салоўка,
Колькі радкоў
Набяжыць на паперу з алоўка,
Колькі хвілін хвалявання паспею пражыць?

Я зразумеў,
Што з імгненяў складаецца век.
І не спыніць,
Не стрымаць той хады чалавеку.
Ледзь азірнуўся,
І ўжо апускаецца века –
Сонца не бачна з-за сцятых навекі павек.

Як там за краем? –
Не скажа мне нават і Бог.
Можа я ўбачу –
Не ведаю, з пекла ці раю, –
Што мае вершы наогул ніхто не чытае.
Хіба і вершы як след напісаць я не змог?

Што ж застанецца,
Калі адыду я ў нябыт?
З гэтым пытаннем звяртаюся,
Пэўна, не першы.
Хай застануцца
Хоць тры невялічкія вершы,
Добра, не тры –
Хай адзіны не будзе забыт.

Свеціцца ў цемры
Надзея агеньчыкам мне:
Ўсё праміне –
Застанецца на свеце каханне.
Можа, калісьці юнак
У пяшчоце спаткання
Сэрца каханай маімі радкамі кране?

Пэўна, і ён не ўзгадае мяне праз гады.
Сціплы самотны радок прагучыць ананімна,
Проста да зор паляціць на чароўным уздыме,
Гімнам каханню,
А што без імя – не бяды!

1997



Шаноўны Георгій! Гэты верш -

Шаноўны Георгій! Гэты верш - адзін з найлепшых Вашых твораў. І кранае да слёз.