Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Нам запаведана спрадвеку...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Нам запаведана спрадвеку: “Не забі!”
І Богам дадзены Закон Любві Адзіны.
Але мы звязаны законамі Зямлі -
Дасюль жадаем смертнай кары для павінных.

Хаця не мы ўдыхнулі ў іх агонь жыцця…
Хоць і не нашых блізкіх злодзеі знішчалі…
Але так дзеецца… Іх судзяць… І суддзя
Прысуд смяротны лепшым выйсцем абвяшчае.

У залі стогне той, хто родных пахаваў
З-за гэтых вырадкаў, што зараз – вочы долу…
Але… Усё ж… Ну хто… калі нам права даў
Забіць забойцу – з грамадзянскага дазволу?!

Караем цела.. Але хворая – душа!
А цела – так – недаўгавечная прылада.
Яго зніштожым – следствы ўбачым "папазжа" –
Як злыдня дух спадзе вар’яцкім брудападам.

З жывымі думкамі нянавісці і зла,
Якіх ніхто цяпер ужо не затрымае,
Ён распаўсюджвае вакол насенні тла,
Хаця магчымасці для дзеянняў не мае.

Таму і цягнецца, і лепіцца да тых,
Хто на яго падобны ўнутранай істотай,
Каб узмацняць сабой нялюдскі нораў іх
І падштурхоўваць на злачынную брыдоту.

А каб пакінуць тое цела, не знішчаць,
Паспрабаваць бы абмяжоўваць усё злое
І хоць як-небудзь жорсткі дух кантраляваць –
Мо, не расло б страшэннай лавай і благое.

А калі смерцяў узаконеных працяг
Забойцаў колькасць не змяншае – памнажае,
Нашто жадаць для іх збаўлення ад жыцця,
Раз пакаранне ўсіх праблем не вырашае?

Людскіх ізгояў варта хворымі лічыць
І ратаваць, як ад хвароб такога роду, –
Святлом любві іх душы квёлыя лячыць,
А моцным целам не даваць былой свабоды.

Не трэба смерці! Каб не зведаць той бяды...
І забіваць, і пагарджацца нават хопіць!
Усё злачынствы нараджаюцца тады
Калі любоў і разуменне ў недахопе.