Хто першым пабачыў каханне?
Хто першым ступіў першы крок?
Шчымлівых пачуццяў паўстанне
Хто ў сэрцы адчуць першым змог?
Чый першы пранізлівы позірк
Душою душу ацаніў?
Хто сціплую, сумную прозу
На чулыя вершы змяніў?
Хто першым паверыў сумненням?
Хто першым ваганні адчуў
І ў памяць аб першым імгненні
Паспешліва свечку задзьмуў?
Паныла, самотна блукаю
І кожнай п’янлівай вясной –
Прывіднае шчасце гукаю,
А шчасце нячутна са мной.
То ціха сядзіць на канапе,
То гопае па дыване,
То слухае рокавы запіс,
То зоркай узыдзе ў акне.
Дарэмна я час свой марную,
Дарэмна я долю кляну,
Не вызначу долю чужую,
А шчасця свайго не міну...