Памяць - навязьлівы вораг
Дэспатаў, катаў, віжоў.
Дома шукайце! За морам
Памяць ніхто не знайшоў.
Гольле зьляпіў з каранямі
Смутны, забыты народ.
Цемра начамі і днямі.
Вышкі, сабакі і дрот
У забароненай зоне.
Лёс разбурыўшы ня свой,
Зблытаў страху з парасонам,
Тыдзень адлігі - зь вясной.
Над курапатаўскім гаем
Вершнік лунае нямы...
Хутка сябе адшукаем? -
Ціша. Краіна нямая.
Жыць у ёй будзем ня мы.