...А матуля у хаце запаліць святло —
Вечаровую скруху усцешна развее.
І ад шчырай размовы за белым сталом
На душы і на сэрцы маім пасвятлее.
Водар матчыных слоў — мілагучных, жывых —
У сябе неспатольна, нястрымна ўдыхаю.
Працінае мяне яе кожны уздых,
Кожны позірк яе я лаўлю-пераймаю.
І ў хвіліну такую зноў прагну спазнаць
Існасць вечную, што у вачах задумёных...
Мне б у сэрцы сваім зберагчы-захаваць
Той матулін напеў — дарагі, несканчоны...
Зорны россып расквеціў нябёс далячынь,
Змесяцовіўся вечар барвова-ружовы...
Будуць доўга гучаць у святлянай начы
І мяне закалыхваць матуліны словы.
.............................................................
...А матуля у хаце запаліць святло...