Салодка і шчымліва, бянтэжыць неяк зранку
  глухое рэха хваляў заўчорашняй зары,
  туман крадзецца моўчкі – як мімалётны насмарк,
  і зоркі задрыжэлі - нябёсаў камары.
  І клоніцца ў апошні сон мімалётна-змрочны
  каштанаў золкіх лісце ціхутка пад вакном,
  і цісне штосьці вусны - напаўзабытым словам,
  што падыходзіць парай, бялюткім малаком.
  І малако чамусьці цячэ заўжды па вусах,
  так раздражняе, цвеліць, цячэ сабе ўніз.
  Яго гучанне - ўдала забітая спакуса,
  Маё маўчанне – гэта адвечны кампраміс,
  А раніца ўзляцела - вось так, як і належыць,
  Ўжо сонца зазірае к нам ў коміны згары,
  У вокнах смог віецца – як насмарк невылечны,
  Заснулі раптам словы, заснулі камары.