Паводле нарыса "Шакаладкі" аўтарскага праэкта Марыны Сліж "Думкі ўслых" в “Рэгіянальнай газеце” № 26 ад 21 чэрвеня 2010.
Мой сябра мне ад сваёй дачы
Прапанаваў узяць ключы –
Каб цуды Нарачы пабачыць
І ўсёй сямейкай адпачыць.
Я вельмі доўга не ўпіраўся –
Падзякваў, кінуў у кішэнь,
З дачкамі й жонкай ў шлях сабраўся -
У выхадны спякотны дзень…
І вось – мы ў лесе на палянцы!
Ледзь дабраліся ў благадаць!
Адзенне скінулі і сланцы –
Хутчэй пад сонца – загараць!
Мо толькі ля гадзіны трэцяй
Пайшлі скупнуліся чуток –
Бо ўжо канючыць сталі дзеці...
Ды я прыкрыкнуў на дачок:
“Дурніцы гэткія! Ляжыце,
Пакуль у вас магчымасць ёсць!
Ўсё на халяву! Паглядзіце –
Вакол – такая прыгажосць!
Дык загарайце без аглядкі!
І мне не пудрыце мазгоў!
Не целы будуць – шакаладкі,
Калі прыедзеце дамоў!”
Празагаралі так суботу,
Нядзелю гэтак правялі –
Каб збіць да сонейка ахвоту,
Набрацца сілы ад зямлі…
Калі ж прыехалі дадому
І захацелі легчы спаць,
З нас чацвярох ужо нікому
Не даў загар наш паляжаць.
Пачырванела макам скура –
Нібы па ёй прайшоўся прас,
Палезла ўверх тэмпература,
Ў бальніцу аж пагнаўшы нас…
Ўрачы, хаваючыя ўсмешкі,
Нас ратавалі, як маглі…
Ды пухіры і скуры рэшткі
На целах доўга ‘шчэ былі…
Дасюль знаёмым у забаву
Нас пры сустрэчы запытаць:
“Што, шакаладкі, на халяву
Слабо яшчэ пазагараць?”