А снег пайшоў, а снег пайшоў,
I гэтак нечакана,
З двух лёгкіх хмарак-спарышоў —
Зусім неабяцана.
Перасмыкнуўся ценем дзень,
Ураз аблёгся вецер,
I косы сонечны прамень
Згадаў аб цёплым леце:
Паўнеба сонца заняло,
Яшчэ паўнеба — хмараў
Імглой падбітае крыло —
I вось пярун ударыў!
Ну, а сягоння сярод дня,
Сярод яго яснотаў,
Снег паваліў, і цішыня
Грамчэй ад гром-грымотаў.