Сябрам ківаю галавою,
Развітваюся з бальшаком.
Сцяжынкай вузкай палявою
Спяшу дадому пешаком.
Іду між смолак і званочкаў,
Дзе б’юць крыламі матылі,
І не магу
душу
і вочы
Красой забытай наталіць.
I хочацца
раскінуць рукі
I моўчкі кінуцца ў траву,
Забыўшы болі ўсе і мукі,
Паклаўшы ціш пад галаву.
I ўбачыць зноў,
як
каля хаты
Хаваецца ў дрымотны цень,
Як бацька,
ціхі і вусаты,
Крыху ссутулены
ячмень.
А потым
выбегчы знянацку
Да хаты
з засені бяроз
I на двары
аклікнуць бацьку
I маці,
светлую ад слёз.
Верш цудоўны!Дзякуй
Верш цудоўны!Дзякуй Вам.Заўсёды прыемна чытаць Вашы творы.Бо калі ў паэта думкі светлыя-- то і вершы атрымліваюцца такімі ж светлымі, здольнымі натхняць.