Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

дом

Сярэдняя: 4.1 (28 галасоў)

Жывуць у небе змалку
На лецішчы вятроў —
Сястра мая маланка
I сумны брат мой гром.

Там холад і пустэча,
I ціш ва ўсіх канцах.
I цьмяна зорак свечкі
Там свецяць па начах.

На раніцу прачнуся
Ад холаду,
I зноў
Захочацца вярнуцца
З гасцей хутчэй дамоў.



Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

У безлічы шляхоў,
Што лёс наканаваў,
Дзе засталіся вузялкі
На памяць,
Не знойдзецца, бадай,
Больш светлы за той шлях,
Што нас вядзе дамоў,
Да маці.
…Пад снегам хата спіць.
Ледзь чутны шэпт ракі.
Па замчышчы старым
Гуляюць цені.
І цішыня густая,
Хоць рукой крані
Падорыць падарожнаму
Збавенне.



Сярэдняя: 4.7 (37 галасоў)

Зноў еду дадому,
Хоць знаю: сустрэчы
Ніколі не будзе на гэтым шляху.
Хацінка сівая ўздыхне па-старэчы
І ветла запросіць мяне пад страху.

А ў хаце без мамы –
Усё сіратліва.
І страшна, і цяжка ступіць на парог.
Здаецца, што плачуць масніцы чулліва
І комін, што колісь цяпельца бярог.

Усё акалела ў маўклівым здранцвенні:
І вокны, і печ. Нават сцены маўчаць.
Паўсюль толькі з болем былога ўтрапення
Стамлёныя маміны вочы глядзяць.

Ва ўсім яе бачу – гаротніцу любу.
Дзе толькі краналася ўсцешна рука.
Пакуль тут жыццёвае ліха-загуба
Не скасіла яе, нібы цень чужака.

Дакрануся да печы – да рук яе мілых –
І вось яна зноўку тут побач са мной.
Уважліва слухае споведзь даччыну
І вытра мне слёзы хусцінкай старой.

Пагасцявала. Начаставалася ўволю...
Бывай, мая мама, чакае Мазыр.
Вазьму я у свет тваю мару – як долю
І гэту хацінку – вышэй за Памір.



Сярэдняя: 4.4 (8 галасоў)
У прысаку духмяная спажыва,
Такая сопкая,
                       што ў роце растае.
Малыя
            вогнішча,
                             як птушкі,
                                              абкружылі,
Далоні бульбе падаюць свае.

Конь стомлены пахрумствае націнне,
Развёў аглоблі,
                         нібы рукі,
                                          воз.
Такі знаёмы ад гадоў дзяцінства
Бульбяны пах плыве над галавой.
З маіх далёкіх Глыбачкі і Хоціна
Паўзуць у Мінск вятры-лесавікі.
I мне так завітаць дадому хочацца,
Калі капаюць бульбу землякі.