Такая доля ў нас, мужчыны:
калі каханыя "трашчаць",
мы, хомы сапіенс, павінны
на ўсе згаджацца і маўчаць.
А дзе адказу патрабуюць,
кіўнуць, як згодны (так прасцей).
Ці пакруціць ля скроні, ну і...
бягом хавацца – за дзяцей.
Калі ж захочацца пахАваць
альбо прыкід перамяніць,
выгодней моўчкі (ды ласкава)
абняць і буськай ачмурыць.
А як у рукі не даецца
і чысціць "мозх", як пыласос,
схапіцца, стогнучы, за сэрца
і на канапу кінуць торс.
Магчыма, й гэта не паможа.
Нішто! Маўчыце як на злом!
Тады не схопіце па "рожы",
не назавецеся казлом.
Але, засвоіўшы вучэнне
аб тым, як любай дагаджаць,
не забывайце выключэнне
ў гульні ў маўчанку ужываць.
Каб не забыць наогул мову
і "прыручыць" сваю "казу",
тры словы ведаць дастаткова:
"люблю", "куплю" і "адвязу".
1.06.2014