Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ці гэта кара...

Сярэдняя: 4 (6 галасоў)

Ці гэта кара – столькі гора?
Ці проста лёс так не ўбярог?
Было ў яе сыноў пяцёра,
Ды ўсіх узяў на неба Бог.

Але пакінуў успаміны…
І недзе ў сэрцы, ў глыбіні -
І даваенная хаціна,
Дзе нарадзіліся сыны,

І тая ж вёска ля балота,
І агароды, і сады…
Там не было ні адзіноты,
Ні пахаванак, ні бяды.

Там яе дзетачкі чародкай
Імчалі ў поле пагуляць…
А, пасканчаўшы сямігодку,
Ішлі служыць і працаваць…

Ды раптам скончылася шчасце…
І пад адхіл сыйшло жыццё…
На аўтаматы і на каскі
Змянілі хлопчыкі ўсё.

Ды з пецярых ужо дадому
Ніхто не вернецца з вайны…
І не паскардзішся нікому,
Што недзе там яе сыны…

Міхась забіты ў сорак трэццім –
З гарматай кінуўся пад танк.
Праз год у чорным ліхалецці
Прапаў без звесткі ўжо Іван.

Услед за ім загінуў Саня.
А там – Валодзька… Мікалай...
Ў чужой замельцы пахаваны…
А маці мучае адчай...

Але яна ўсё іх чакае…
Глядзіць у вокны дзень за днём…
Хусцінкай слёзы выцірае...
Ды цісне сэрца камянём...

Нашто ёй жыць, калі не стала
Ўсіх тых, каго магла абняць?
Што ёй радкі мемарыяла,
Дзе іх імёны зіхацяць?

Яна дагэтуль, дзе ні ўбачыць
Хлапца, падобнага на іх,
Усё ўглядаецца і плача:
"Ці не сыночак?... Мо з маіх?..."