Цябе шукаю ў кропельках расы,
У навальніцы, ў калыханні гаю…
Цябе гукаю… Ветрык валасы
Мае пяшчотна ў сонейка ўплятае…
Цябе вітаю! Чуешь? Я – Твая!
У ранішняй малітве і ўсяночнай
Цябе спяваю сэрцам салаўя -
Так шчыра, нібы кожны дзень – апошні…
Цябе чакаю – іскраю агню…
Магутны Творца усяго на свеце!
Цябе кахаю, нібы ўпершыню,-
Так моцна, як кахаюць толькі дзеці…