У кастрычнiцкi дзень,
не кастрамi сагрэты,
не глытком каньяку,
не дымком цыгарэты,
не цяплом батарэй,
а "плюс тройчы па восемь",
уляцела...
вясна —
з павуцiнкай на носе.
I давай шуткаваць:
"Не чакалi? — Трымайце!"
I нагнала ў траву
"дзьмуха-сонечных зайцаў"
а у прысадах-садах
малако першаквецця
пралiла: "Наўспамiн —
аба мне i аб леце!"
Загадала iзноў
апрануцца "ў абновы"
для спякотных дзянькоў,
прамянямi па новай
асвяжыла загар
(i — а-ёй! — канапушкi) —
i гайда баляваць,
голле ветрыкам гушкаць.
Атрасла ўсю "паэзь"
нечаканчыкам-лiўнем.
I зiрнула на дол
пазалочаны: "Дзiўна!
Колькi часу мяне
па сезонах не носiць,
я не помню такую
шыкоўную восень!"
10.18 — 01.19