У пурпурова-трапяткім прыполе
Мяне зара нячутна прынясла.
Калі раздольна гойдалася поле,
Калі чаромха белая цвіла.
Даверлівых праменняў пералівы,
Раса, вады крынічнай саладзей,
Сцвярджалі мне, што буду я шчаслівы,
Што прынясу я радасць для людзей.
Што, бескарысліва звонкагалосы,
Вазьму любую ношу па плячу
I самыя высокія нябёсы
З штодзённасцю суровай спалучу.
Жыву, прыняўшы і зямлю і неба,
I кожны раз,
як пачынае днець,
За тое, што зрабіў не так, як трэба,
Перад зарой гатоў пачырванець.