Зноў лічэбнік... Жывым і мёртвым —
Паўтарэння зададзены ўрок...
Паўтараем: «кожны чацвёрты...»
I — «чацвёрты энергаблок...».
Паўтараем... Настаўнік Чарнобыль
Нагадаў, нібы назнарок:
Той — чацвёрты — ваеннай пробы
I — чацвёрты — энергаблок...
У палях, на лугах, на прысадах —
Нібы водгук на кожны крок —
Рэха чорнай атамнай здрады...
I — чацвёрты энергаблок.
Ha ўзбалотку гараць журавіны,
Баравік залез на грудок,
А ў вачах — туман з Украіны...
I — чацвёрты энергаблок...
I глядзіць — у чырвоных пражылках –
Склератычным тварам лісток,
Што скідае клён на сцяжынку...
I — чацвёрты энергаблок.
Чуюць Хойнікі, чуе Брагін
Жураўліны крык ля аблок:
Hi расінкі — адолець смагу...
I — чацвёрты энергаблок.
Як прадвесце сусветнай пустэчы,
Як Зямлі патушаны зрок, —
Гэты з цёмнымі хатамі вечар...
I — чацвёрты энергаблок...
Крочыць здань на хадулях ракетных...
Просіць свет надзеі глыток...
Б'юць у звон Чарнобыля ветры
I — чацвёрты энергаблок.
Ён гукае: устаньце, людзі,
Каб адолець ядзерны змрок,
Бо інакш — не жыццё ў нас будзе,
А чацвёрты энергаблок...
Вельмі надзённа і актуальна!
Вельмі надзённа і актуальна!