Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Веча (Балады-прамовы. XI—XIII стагоддзі)

Сярэдняя: 4 (13 галасоў)
                  СЛЁЗЫ (1015 год)

— Ты просіш размір’е забыць,
Слязам тваім, княжа, паверыць?
Мы бачым, што шчыра ты плачаш
I слёзы сапраўдныя льеш...
А тады, наш князь Яраславе,
Ці плакаў ты гэтак, скажы нам,
Калі, як зладзей, наўгародцаў
Спадманам рашыўся пабіць?
Яны, бач, цябе не уважылі,
Яны, бач, цябе не паслухалі
I пакаралі варагаў —
Тых, што служылі табе...
Ты помсціў братам-наўгародцам,
Ты помсціў цэламу вечу.
Дык што ж ты ад веча хочаш
Зараз, наш жорсткі князь?
Цяпер ты вярнуўся да веча,
А ўчора ты, княжа, не думаў,
Што наша табе дапамога
Спатрэбіцца сёння якраз?
Бо сёння ты ўведаў, што брат твой,
Забіўшы Барыса і Глеба,
I па цябе, па трэцяга брата,
Збірае ў дарогу ўжо смерць.
Пра гэта цябе папярэдзіла
Прадслава, сястра твая з Кіева,
I вельмі шчыра прасіла
Берагчыся брата свайго...
Ты моліш ісці нас да Кіева
I зваяваць Святаполка?
Ты плачаш... Ну што ж — мусіць, пойдзе
Але не таму, Яраславе,
Што мы цябе дужа любім,
А таму, што мы ненавідзім
Святаполка, брата твайго...

                ЗАМЕНА (1067 год)

— Княжа Ізяславе!
Збірай нас у другі раз
На печанегаў.
А калі веча рашыла такое,
Значыць,
Усё веча — тваё войска.
Усе пойдзем,
Хто толькі можа ўзяць у рукі хлуд.
А калі хто не пойдзе —
Дай таго нам,
Мы самі яго біць будзем...
Толькі не мірыся з печанегамі!
А калі нават ты ім мір дасі,
To мы не дадзім;
А калі ты не пойдзеш з намі,
Веча паспрабуе «памірыць»
Цябе і Усяслава Полацкага,
Твайго палоннага:
Мы вызвалім Усяслава з палону
I пасадзім на твой стол,
А цябе —
На Усяслава халоднае месца, княжа.

Так веча рашыла.
I неўзабаве палонны Усяслаў
Сядзеў князём на Кіеўскім столе,
А двор і дружыну Ізяслава
Рабавалі тыя,
Хто нядаўна яшчэ
Так аддана, так шчыра
Усміхаўся князю.

            УСМЕШКА ЗА БАРАДОЙ (1103 год)

— Я ж старэйшы за цябе, Валадар.
Бачыш, які барадаты я!
А калі ўжо ты хочаш
На маю старасць наехаць, —
Едзь, бог з табою.
Толькі перад гэтым наездам на маю бараду
Скажы тым,
Хто застанецца ў тваім горадзе,
Каб, крый бог,
He зачынялі моцна вароты,
Бо як жа ты, уцякаючы,
Пераскочыш іх, такія высозныя?
За мяне не турбуйся —
Я не буду глядзець нават
У твой бок...
I, каб не бачыць твайго сораму,
Я, ці чуеш, схаваю свае вочы за бараду.
Хвала богу,
Што ў мяне хоць барада ёсць!