Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць

Прочитайте! страничка. Вот-вот.

Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Янка Сіпакоў

Нарадзіўся 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Зубрэвіцкай сярэдняй школе і адначасова працаваў паштальёнам. Скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1960). Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт» (1954 — 1955), у часопісе «Вожык» (1960—1973), з 1973 — загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Маладосць» (з 1989 г. - адказны сакратар).

Пачаў друкавацца з 1953 года. У 1960 годзе выдаў першы зборнік вершаў «Сонечны дождж». Выступае ў жанры паэзіі і прозы. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, сярод якіх «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «З вясны ў лета» (1972), «Веча славянскіх балад» (1973), «У поўдзень да вады» (1976), «Вочы ў вочы» (выбранае 1978), «Усміхніся мне» (1984). Аўтар шырокавядомых кніг прозы «Па зялёную маланку» (1971), «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980), «Усе мы з хат» (1982), «Спадзяванне на радасць» (1983), «Пяць струн» (1984), «Сад людзей» (1985), «Журба ў стылі рэтра» (1990). Аўтар зборнікаў гумарэсак «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973), «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985).

Пераклаў на беларускую мову кнігі паэзіі - «Лісце травы» У. Уітмена (1978), «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна (1985), «Санеты бяды» Ф. Прэшарна (1987), паасобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, А. Блока, А. Туманяна, А. Цэрэтэлі, С. Квазімоды, Д. Максімовіч, І. Межэлайціса, І. Сарайліча, Р. Гамзатава, Д. Паўлычкі, А. Сійга, Ю. Марцінкявічуса, Г. Эміна, А. Малдоніса, А. Салакауры, урыўкі з «Калевалы» і інш.

За кнігу «Веча славянскіх балад» у 1976 годзе Янку Сіпакову прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

sipakou.jpg


Сярэдняя: 4.2 (195 галасоў)

Уцякайце ж вы, нашы дзетачкі,
А куды ўцякаць — мы не ведаем,
Ратавацца як — не навучым вас:
Жываглот ідзе страшна-жудасны,
Вурдалак ліхі, ненажэрны цмок,
Той, хто ўлёт ляціць, хоць і сам без крыл,
Хто і без кап'я працінае ўсіх,
Без мяча сячэ — не стамляецца
I без паліцы забівае ўсіх,
Хоць зусім без ног, а ўслед гоніцца,
Хоць не мае рук, а хапае ўсіх,
Есць спрытна людзей без спатолення,
Hi старых-малых не шкадуючы,
I пасля яго — вёскі мёртвыя...
Уцякайце ж вы, малалетачкі,
Хоць мы ведаем — не ўцячэце вы:
Ён дагоніць вас, кожан-кожнага,
Знойдзе ўсюды сам, пахаваных вас,
Забярэ з сабой, кволых, сцішаных,
Бо страшыдла той — голад, дзетачкі...



Сярэдняя: 4 (48 галасоў)

Што ж, цесляры, невясёлыя —
Сякера аж падае з рук?
Што апусцілі вы голавы,
Сумна глядзіце на зруб?

Бёрны усцягвайце новыя
I заразайце вуглы...
Хораша пахне будоваю,
Стружкамі ў кроплях смалы!

Дзе ж ваша радасць з уцехаю?
Вунь як святлее вакол!
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба ірвецца касцёл.

Сцены вышэюць касцёльныя,
Кладзецца вянец на вянец
Бёрнамі жоўтымі смольнымі
З вашых жа хат і з сянец.

Касцёл узнімаецца нанава —
Хаты ніжэй і ніжэй:
Кузьмова, Пятрова, Раманава
Раскрыты да самых дзвярэй.

Бёрны, што млелі пад кроквамі, –
Аж у падмурак ляглі,
А што рыпелі пад крокамі —
На завянчэнне пайшлі.

Што ж, цесляры, невясёлыя?
Паўстання не здзейсніўся план...
Што апусцілі вы голавы,
Пётра, Кузьма і Раман?

Кроквы вяжыце і лаціны,
Ладзьце вянок пад страхой.
Ды спаласніце улазіны
Конаўкай брагі якой...

Нельга. За кожнай саломінай
Сочыць ахоўнікаў шмат:
Рубяць паўстанцы хароміну
З родных разбураных хат.

I ўсё ж, напачатку нясмела так,
Ціхенька — Божа бароны! —
У стружках, як мятлушка белая,
Закапашыўся агонь.

Вось яна, радасць з уцехаю, —
Гляньце, як светла вакол:
Над магілёўскімі стрэхамі
Ў неба шугае касцёл,
Новы палае касцёл...



Сярэдняя: 4.3 (75 галасоў)

Хто сказаў – вада без паху?
Хто сказаў – вада без смаку?
Той, відаць, не смяг у спёку
І ад смагі ў суш не млеў.

Той , відаць, вадой не трызніў,
Не хапаў яе ў жмені –
Калі боязна рассыпаць
Нават кропельку ў траву,

Той не мроіў ёй – да тлуму,
І не прагнуў – да трымцення,
Калі п’еш і ўсё, здаецца,
Не спатолішся ніяк.

Той, відаць, не поўз пустыняй
Не ўсыхаў у акіяне
Калі пахі ўсе і смакі –
У глытку пітной вады.

У глытку, што як дрыжынка,
У глытку, што як расіна,
На лістку , бы на далоні,
Гэтак зманліва дрыжыць.

І ўжо гэтай нават кроплі –
Усе колеры вясёлкі.
Хто ж яе знаў бескалёрнай?
Божа мой, які дзівак?!

Хто ваду наспех пакрыўдзіў,
Хто ваду спрытна абразіў?
Хто сказаць мог так будзённа
Пра таемнасць – пра ваду?..

Веру я: і ён, сасмаглы,
Толькі ўбачыўшы расіну,
Закрычыць, бы звар’яцелы,
З дзікай радасці:
              – Ва-да-а!