ВЕЧАРОВЫ НАСТРОЙ
Залунаць бы ў тых дзіўных прасторах,
між планет, між празрыстай імглы,
адчуваць цяплыню блізкіх зорак,
бачыць рухі жыцця на Зямлі.
Апусціцца на дно акіяна
да каралаў, дзе шнараць малькі,
стрэць медузу ў кісейным убранні,
даць ласунак мурэне з рукі.
Узабрацца на Кіліманджара,
амуніцыю скінуць з плячэй,
распрастацца і снежным абшарам
ва ўсю моц пракрычаць: «Э-ге-гей!»
Надвячоркам, у нетрах саваны,
засядаць пры спакойным кастры,
назіраць, як цямнее паляна,
як у цернях крадуцца звяры.
Да руля стаць, на вольную вахту,
і, пад чаек няўрымслівы хор,
мчаць па моры бялюткую яхту
да бялюткіх, удалечы, гор.
Зноў быць там, у ружовым узросце,
дакранацца да кволенькіх рук,
мармытаць нешта, поўніцца млосцю,
чуць у сэрцы гарачкавы стук.
Ці б хоць добрым напоем разжыцца,
скаратаць памаленьку з ім час —
і, як мовяць паэты, забыцца,
у падушцы зарыўшы свой фас.