Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вясковыя каўбоі-свінабоі

Яшчэ не ацэнена

УЛАД СКАМАРОХ

ВЯСКОВЫЯ КАЎБОІ-СВІНАБОІ

( Вершаванае гумарыстычнае апавяданне-трылер)

І.
На Беларусі няма той мясціны –
Дзе б не трымалі на адкорм свіней,
Бо большасць тут прыхільнікаў свініны,
Няхай другое мяса здаравей.
Гадуюць прамыслова, асабіста,
Адметная аснова – розны корм.
Магу я прысягнуць вам урачыста –
Не дасць дэлікатэса камбікорм.
Адметныя і спосабы забоя,
Ды тут ужо мясцовы каларыт,
, І ў кожнай вёсцы ёсць свае “каўбоі”,
Якія ў гэтым маюць лепшы спрыт.
Часцей у справе нож, кувалда, швайка…
Ды ёсць мясціны дзе бяруць ружжо…
Адтуль мая гісторыя ці байка
І мне яе пара пачаць ужо.

ІІ.
Мой апавед пра блізкіх двух суседзяў:
Міхал – на вёсцы лепшы “спец-каўбой”,
Адам – расціў свіней тлусцей мядзведзяў,
Заўжды суседа зваў на іх убой.
Фінал той працы – шчодрае застолле,
Бальзам душы – “ пад чарку” свежына,
Прыхільнікам свініны – рай , раздолле,
Xапае і гарэлкі ці віна.
Па-завядзёнцы ладную “дзялянку”
“Каўбою” даць належыла з сабой,
Бо ён прыйшоў сюды не на гулянку –
Па запрашэнню выканаць убой.
Інакш зняславяць на ўсё наваколле,
Як інтэрнэт вясковы тэлеграф,
Для чутак, плётак – слыннае прыволле,
Сам чорт не зможа тут накласці штраф.

ІІІ.
Агледзеўшы аднойчы гаспадарку,
Адам узважыў вокам парсюка,
Зрабіў выснову: “ Час засмажыць скварку,
Кабан тлусцей мядзведзя, больш быка !”
Па звычцы запрасіць хацеў Міхала,
Ды ў галаву нібыта “пыл з мяха”,
Пашкадаваў ён свежыны і сала,
Ад сквапнасці “паехала страха”.
Прасцей сказаць яго “заела жаба”,
“ Навошта ж раскідаць сваё дабро ?”
Магчыма, што “праела вушы” баба,
Як не круці – “ Адамава рабро”.
Адам разважыў, што без памагатых,
Абыйдзецца на гэты раз ужо,
“Прамой наводкай” да Міхала ў хату –
Пазычыць два патроны і ружжо.

IV.
Сусед разважна выслухаў Адама:
“Капец заробку, дык хай будзе жарт !”
Рашыў: “Пакуль адчыніць дзверы крама
Падгледжу сам чаго Адаме варт?”
Прынёс са стрэльбай разам два патроны,
Ды тых наўмысна выбраў халастых,
А сам, каб “не злавіць якой вароны”
Прызваў на дапамогу ўсіх святых.
Але ж без дзей – дарэмная надзея,
Таму як толькі госць за дзверы – шух,
Міхал маланкай скокнуў у адзенне,
Не абмінуў вушанку і кажух.
І з рэдкім для сябе каціным спрытам
У момант уздзябурыўся на дах,
Там лепей назіраць за ўсім іспытам,
Вядома ж , болей звера бачыць птах.

V.
Парсюк нарэшце выйшаў на падворак –
Шчыруе рупна ля яго Адам,
Узяўшы скрут вяровак і аборак –
У працы не змыліўся ні на грам.
Надзейна замацована ахвяра,
Вось на чарзе рашаючы акорд,
Упэўняцца бліжэйшыя абшары –
Цяпер Адаму ўжо “не брат сам чорт”.
Палашчыўшы рукой як след па хібе
Адам-хват заспакоіў парсюка,
Каб той лягчэй сустрэў сваю пагібель,
А ў самаго была цвярдзей рука.
Наладзіў стрэльбу ён належным чынам,
Наставіў рулю ў вуха кабана…
Канешне ж , не заўважыў той прычыны,
Каб абмінула парсюка хана.

VI.
Маланка з рулі станьчыла ў паветры,
Аздобіў танец песняю пярун,
І поўнячыся лютай злобай вепра,
Парсюк адчуў жахлівы голас струн.
Таму стаў слупам – цвёрда , нерухома,
Але здаровы, цэлы, як да сюль.
Адаму ж дзіўна, дзіка невядома –
Чаму зусім няма слядоў ад куль.
Але далей працягваць трэба справу,
Калі не хочаш ляснуць “твар у бруд”,
А разам з тым набыць благую славу:
“Яшчэ адзін вясковы шалапут !”
Адам атакаваў другое вуха…
Ледзь прагрымеў другі гарматны стрэл,
Так закруціўся трылер-весялуха,
Што й Галівуд “ узяў бы на прыцэл”.

VII.
Парсюк рыўком ракеты знішчыў путы
І танкам апантаў гаспадара,
Вось, скокнуў цераз плот Адам разуты,
Аленем хуткім паімчаў з двара.
За ім кабан раз’юшаны без меры
Пагнаўся з праслам плота на лычы !
Відовішча – жахлівей чым хімеры,
Альбо прывіды замкаў у начы.
Вось, зможаны Адам на прасле плота
Ляжыць , як той спартанец, на шчыце,
Жагнаецца, каб толькі не ў балота…
Парсюк вішчыць – агнём нутро пячэ.
Ды свінні ўсё ж дамашнія жывёлы,
Парсюк, калі адолеў цела змор,
Пагойшаўшы крыху па завуголлях,
Прынёс гаспадара ў Адамаў двор.

VIII.
Тут неўзабаве развітаўся з ношай,
Адама з праслам грымнуўшы аб дол,
Пачаў “шманаць” валёнкі і галошы,
Гаспадаром гульню ў свіны футбол.
Адаміха казою бегла з хаты,
( Бо як не ратаваць гаспадара?)
Схапіўшы ў рукі чаранок з лапаты,
Над кабаном навісла, што гара.
Парсюк між ног уплюшчыўся кабеце,
Запутаў лыч у вэрхале спадніц,
У роспачы, пракляўшы ўсё на свеце,
Нарэшце на зямлю зваліўся ніц.
- У парсюка не вытрымала сэрца,-
Пасля выснову даў ветэрынар,
- Нягледячы на ўсю жахлівасць смерці,
Ніколькі не паменьшыўся навар.

IX.
Міхал так рагатаў, што грымнуў з даху
На гэты ж момант, што сканаў парсюк,
Тут з тэхнікай бяспекі даў ён маху,
Таму ў дадатак стукнуўся аб сук.
Міхал, Адам марнелі ад пакутаў,
Суседзі – кожны на сваім двары,
З сугуччам поўным думак: “ Чорт папутаў!
Ой лепей, ты, сусед, не гавары!”
Праз нейкі час зліліся іх дарогі,
Xоць кожны розны меў нервовы цэнтр,
Калі “карэта хуткай дапамогі”
Абудвых мчала курсам у райцэнтр.
Пасля суседства ложкаў у палаце,
Дыягназы абодвух – блізнюкі,
Не часта выпадае так супасці –
Злом трох рабрын і леваі рукі.

X.
У рэшце ўсё не так ужо і змрочна –
Была ў бальніцы ў хлопцаў свежына.
Канешне ж, смакавалі тайна, ноччу
За пляшкаю гарэлкі ці віна.
Дамоў вярталіся таксама разам,
Сябрамі, дзе без кукіша кішэнь,
А дома, быццам па якім заказе,
Абудвым жонкі “мылілі” каршэнь.
Выснову тут , сябры , рабіце самі,
Як аўтар, я не ставіў пэўных мэт,
Час надыйшоў мне развітацца з Вамі,
Закончыць гэты трылер-апавед.
Магчыма, трылер мой не вельмі варты –
Вясёлкай не прыкрыты рэалізм,
Тады лічыце гэта байкай-жартам
Спрыяльнай на настрой і аптымізм.

Ермаковіч Уладзімір Дзмітрыевіч