Як адчайна рыдае гітара!
Я такога не чула ніколі!
Бы аплаквае ўсе мае мары:
Аб каханні, аб шчасці, аб долі.
Распачаўшы, сумотна ўздыхае
І ўздымае журботную хвалю…
Не прылада – істота жывая
Што заходзіцца ў плачы ад жалю…
Раздзірае мелодыяй сэрца…
Мурашамі, марозам – па скуры…
Вадаспадам узбуджаных тэрцый
Набалелае, горкае бурыць.
І спявае, і шэпча, і стогне…
І ў запале ўсё некуды кліча…
І туга адступае і глохне,
Захлынуўшыся срэбрам крынічным.
Калі гэтак гітара іграе –
Боль сваімі пакутамі глушыць.
Быццам свету ўсяму спагадае –
Спачуваннем вылечвае душы…
Узбуджае ў паніклых надзеі…
Удыхае знясіленым сілы…
Бы пажар, над зямлёй палымнее
І ўздымае ў нябёсы, бы крылы…