Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

музыка

Сярэдняя: 4 (12 галасоў)

Alex Fox – “To Paco De Lucia”.
Зноў у сэрцы б'ецца настальгія –
Па жыцці нястрыманым, гарачым,
Па гітары, што няўцешна плача

Па далёкіх рэках і азёрах,
Па чужых, нябачаных прасторах,
Па яшчэ не зведаным каханні,
Па сустрэчах новых і расстаннях;

І па тых пачуццях прамяністых,
Што нястрымна рвуцца з гітарыста
І зіхцяць мелодый матылькамі
Над яго нервовымі рукамі.

О, гітара! Шчасце мне і мука –
Паласкаць душу ў фантане гукаў,
І салодкай страсцю наталяцца,
І з тугой гітарнай спавівацца!

Танчыць грыф, шалеючы ў запале.
Ці ў паветры пальцы заскакалі,
Ці па струнах - спрытна, лад за ладам,
Мілагучным, бурным вадаспадам?

Звон гітары – хвалямі па сэрцы.
Ці рыдае рэха, ці смяецца?
Ці старанна ўторыць настальгіі?
Alex Fox – “To Paco De Lucia”...

29.07.2010



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Аднойчы да чалавека прыйшло свята...
Неспадзяванае, як першы снег,
Шчаслівае, як адчуванне палёту,
Урачыстае, як зыход сонца,
Прыйшло да чалавека свята.

I вочы яго засвяціліся,
Як свецяцца яны ў сляпых,
Якія пачынаюць бачыць;
I спыніўся ён засяроджана,
Як спыняюцца глухія,
Адкрываючы першы гук.

Аднойчы да чалавека прыйшло свята...
Аднойчы пачуў ён
Імклівую мелодыю крыл,
Светлыя гукі сонечных промняў,
Велічныя акорды лесу, —
Аднойчы спасціг чалавек музыку...



Сярэдняя: 4.5 (11 галасоў)

Аднойчы я даволі шпарка
Ішла на працу – напрасткі –
Праз самы цэнтр старога парку –
Эстрада, дзеўкі, дзецюкі.

І раптам штось кранула вуха
І стала сэрца хваляваць.
Народны спеў. Прыемна слухаць.
А хто спявае? Не паняць.

Гляджу – бабулечкі на лаўцы –
Сядзяць, як быццам у кіно!
Ды не глядачкі – выканаўцы –
Адна з гармонікам ажно.

І ён заходзіцца, лапоча,
Іграе, радасцю звініць…
Мо, слухаць нехта і не хоча,
Ды хор бабулек не спыніць!

А як жа смачна песню рэжуць!
Ажно падскокваю – у такт!
Ад хараства “духоўнай ежы”
Наўкол такая мілата!

І ўсмешка твар ужо змяняе,
І нават хочацца падпець.
А песня ўзлётвае, лунае…
Ну і бабулі! Трэба ўмець!

Нашто ім бабскія гаворкі?
Забыўшы дома валідол,
Яны спяваюць, нібы зоркі,
І ўсіх запальваюць вакол!

26.05.2010



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Вось кажуць – ісціна ў віне.
А што, калі ў бутэльцы суха?
Але гітара слых кране –
І верыш: ісціна – у гуках.

Чароўна струны затрымцяць,
Душу зацягнуць пераборы –
І слоў кахання не суняць,
І ўжо пачуцці – быццам мора.

І улюблёнасць у жыццё,
І боль пакут, і летуценні –
Нішто без гукаў. Сціхне ўсё –
І стануць сэрцы, бы каменні.

Што можа быць у цішыні,
Калі маўчанне – звон бязгучны?
Натхнення подыхі? Ані!
Застойнасць шэрасці цягучай!

Дык хай ляцяць яны, ляцяць
Па-над зямлёй, кудысьці ўгору,
Каб нашы душы насычаць
І напаўняць жыццём прастору.

Калі гітара слых кране,
Здаецца: ісціна – у гуках.
Хтось кажа: ісціна ў віне.
А што, калі ў бутэльцы суха?

25.05.2010