Ужо і хаты бацькоўскай няма…
Красавiк зноў нарцысам зацвiў,
Але кветкі пяшчотай не вабяць,
Рэжа вочы гранітны курсіў
І вяртае ў мінулае памяць.
У пакутнай жалобе ракіт.
Малітоўная песня званоў;
У Чарнобыльскім брудзе блакіт
На шляху да сусветных вятроў.
Ужо і хаты бацькоўскай няма…
Толькі гэта старая бяроза,
Быццам помнік дзяцінству яна
Адзінока стаіць пры дарозе.
Цягне жылы, няўмольнай тугой,
Напамінак аб тым, незваротным,
Час, раптоўна, забраўшы спакой-
Клятым атамам, цмокам смяротным.
Ля пакінутых вёсак крыжы…
У гаротным бур’яне пакосы;
На прасякнутай болем мяжы
Дождж губляе самотныя слёзы.