Колькі мне?
Пад сорак маю.
Як працуецца?
Сяк-так...
Ды сяджу вось, разважаю:
І чаму я халасцяк?
Ростам – быццам ладнаваты.
Нос – у меру. Рот – як рот.
Дык чаму ж даюць дзяўчаты
Ад варот мне паварот?
Стася?.. Ёй прызнаўся прама.
Стасю моцна я любіў...
Нават помню, дзвесце грамаў
Ёй «падушачак» купіў.
Быў і дома я ў каханкі.
Выпіў гляк і з’еў кумпяк.
Правяла мяне да ганка...
І чаму я халасцяк?
А яшчэ заваражыла...
Помню – во! – было дзяўчо.
Нат аднойчы палажыла
Мне галоўку на плячо.
Ёй кажу пяшчотна гэтак:
«Слухай, ты ж не бервяно?!»
А яна – купі ёй кветак,
Намякае на кіно.
На дармоўку, бач ты, цэліць.
Я ёй тут без лішніх фраз:
«Адгуляем перш вяселле,
А тады ўжо іншы сказ...»
А яна і адказала:
«Перш на горцы свісне рак...»
От дык ліха, от навала!
І чаму я халасцяк?
Хлопец з выгляду я – класны,
І наконт глуздоў – не ўрод.
Да дзяўчат я маю ўласны,
Свой, культурны падыход.
Падтрымаць умею марку,
Памятаю, шасцярым,
Пазнаёміўшыся ў парку,
Карткі з надпісам дарыў.
Трэба ж, гэтулькі адразу
Раніў сэрцаў – любата!..
І... ніводная адказу.
Ат, вядома, – цемната!
Я сяджу цяпер, бядую,
Разважаю, небарак,
Ды ніяк тут не дайду я:
І чаму я халасцяк?
Вось куплю пінжак у клетку
І з заклёпкамі штаны,
Безразмерныя шкарпэткі
І берэцік шыкаўны,
На плячо павешу «ФЭДа»,
У кішэні – «рок-н-рол»...
Пабягуць дзяўчаты следам –
Буду крочыць, як арол!
Паміж намі,
толькі свата
Па сабе цяпер знайду,
Сцеражыцеся, дзяўчаты, –
У сваты да вас прыйду!