Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ала Канапелька

Нарадзілася 14 лютага 1960 года ў вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1978 г. скончыла Лоеўскую педагагічную навучальню і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1983) працавала метадыстам, з 1988 г. - загадчыкам сектара метадычнай працы Дома літаратара СП БССР. З 1990 г. - загадчык арганізацыйна-прапагандысцкага аддзела Беларускага фонду культуры. Сябра СП СССР з 1985 г.

Першыя вершы апублікавала ў 1974 г. (хойніцкая раённая газета «Ленінскі сцяг»), у рэспубліканскім друку выступіла ў 1977 г. (часопіс «Маладосць»). У 1985 г. выйшаў зборнік вершаў «Цвет алешыны».

Перакладала творы ўкраінскіх, курдскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.



Сярэдняя: 4.5 (286 галасоў)

Апошні раз заломіць рукі
Маланка ў хмарнай вышыні.
Расой асыпаліся гукі
Безжаўруковай цішыні.

I да сяла сцяжынкай шэрай
Падыдзе досвіткам зіма.
Усім, чым лета адшумела,
Мае распіша вокны шэрань
Загадкай белага пісьма.



Сярэдняя: 4.9 (14 галасоў)

Глыбела неба, зоркі халаднелі.
Ступала восень зорнай паласой.
Апошні мёд насілі пчолы ў келлі
На санцагрэве з буйных верасоў.

За жураўліным клінам павуцінка
Плыла трывожна з восеньскай вярсты.
...Яшчэ сініцам весела адцінькаць
У голлейку пажоўклыя лісты.

А там дажджы рабінай апякуцца,
I выпадзе халодная раса...
He, не мае красёнцы гэта ткуцца,
He мой — халоднай восені пасаг.

I не мае то вусны загарчылі
Салодкім мёдам позніх верасоў...

I сняцца сны ўспамінамі чужымі.
Ступала восень зорнай паласой.



Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)

Зашапчы гэты боль, дождж лістоты.
Залаты лівень, лівень барвяны.
У травы познія падаюць ноты
Музыкі невяртання.

Невяртанне без слова, пагляду,
Проста так — не вярнуся аднойчы.
А на памяць — святло зарападу
I халодныя восені вочы.

Зашапчы гэты боль, дождж лістоты,
Ноччу ззяблай, парою світання.
У далонях барвяныя ноты
Цішыні невяртання.