Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Звонак

Нарадзіўся 14 лютага 1907 года ў горадзе Мінску ў сям'і рабочага.

Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». Узначальваў полацкую філію «Маладняка». З 1927 г. працаваў на Беларускім радыё, з 1929 г. — у часопісе «Маладняк». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1934 г. - аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Працаваў у АН БССР (1934-1935), у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1936). У лістападзе 1936 г. арыштаваны, у 1937 г. асуджаны на 10 год зняволення, якое адбываў у лагерах Магаданскай вобласці. Пасля адбыцця тэрміну працаваў геолагам аб'екта, галоўным геолагам прадпрыемства (Магаданская вобласць). У 1954 годзе рэабілітаваны.

З вершамі ў друку выступіў у 1925 г., а ў 1926 г. разам з Я.Бобрыкам і Я.Туміловічам выдаў зборнік «Пунсовае ранне». Аўтар зборнікаў вершаў «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935), «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961, вершы і паэмы), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (вершы і паэма, 1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931). У 1977 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1987 г. — «Сябрына: Выбраныя творы».

Выступае ў галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар п'есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960, пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). У 1973 г. выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы».

Пераклаў на беларускую мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з удэге» А.Фадзеева (з М.Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з М.Хведаровічам, 1966), зборнік лірыкі Д.Кугульцінава «Святло жанчыны» (1975), асобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, М.Святлова, У.Лугаўскога, А.Пракоф'ева, Я.Смелякова, М.Галоднага, М.Рыльскага. М.Бажана, П.Тычыны, А.Малышкі, У.Сасюры, Т.Масэнкі, Р.Гамзатава, А.Туманяна, І.Бехера, У.Кавальскага, Ю.Славацкага і інш.

Сябра СП СССР з 1936 г. Узнагароджаны медалём.

zvonak_a.jpeg


Яшчэ не ацэнена
Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі, 
Не шукаў пра вас паданняў,
        пыл стагоддзяў не страсаў. 
Чуў я змалку плач ваш горкі,
        чуў я смех ваш срэбразвонкі, 
Беларускія жанчыны — неўміручая краса!

Станам — зграбныя бярозкі,
        што павыбеглі край руні, 
Замест воч — асколкі неба
        яснай чэрвеньскай пары; 
Валасы — ручайкі лёну,
        галасы — напеў шматструнны, 
А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары.

Гордасць, пэўна,
        узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды, 
Дум ясноту Ефрасіння, пэўна, ў спадчыну дала. 
Кроў свавольных крывічанак
        не схіляла вас у бедах, — 
Пакідалі вы святліцы, бралі ў рукі вы булат.

Нёс тэўтонскі крыжаносец на канцы мяча няславу,
На зямлю славян-суседзяў ваяўнічы рушыў швед. 
Адгукаўся Яраслаўне голас цвёрды Гарыславы, 
Клікаў віцязяў у бітве затаптаць варожы след.

Крывічоў зямля лясная не скаралася няволі, 
Хоць не раз іх род нязломны у пабоішчах палёг. 
Паланянкамі былі вы, а рабынямі — ніколі! — 
Хоць у гневе неразумным адварочваўся Стрыбог.

Колькі вы пакут зазналі — не зазнаў ніхто на свеце!
Кветкі-браткі — вашы слёзы прарасталі па лясах;
Сек няшчадна вам абліччы ліхалеццяў снег ды вецер, 
А не звяла, не змарнела ваша гордая краса!
Гнулі спіны вы ў прыгоне,
                                            жалі жыта Радзівілам, 
Пелі песні немаўляткам пры лучыне ў позні час; 
Гадавалі веліканаў, каб дужэў народ-асілак, 
Налівалася каб сіла незгінальная ў плячах!

Вы зазналі дым і попел,
                                 спусташэнне лютых войнаў, 
Хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-удавы; 
Вы трывожна сустракалі
                                           век дваццаты неспакойны; 
Не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы.

Вам знаёмы кроў і порах,
                                           партызанскія сцяжыны, 
Помсты жар у сэрцах добрых,
                                           дзе б каханню гнёзды віць; 
Вы на смерць ішлі без страху,
                                           беларускія жанчыны, 
У імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!

Вы умелі быць гразою. Чырванець умелі ружай. 
Рассыпаць дабра алмазы.
                                           Карчаваць карэнне зла. 
Гэта ваша бессмяротнасць
                                           увасоблена ў Харужай, 
З вашай мужнасцю Мазанік меч дамоклаў узняла!

Вы — пачатак прыгажосці,
                                       вы — жыцця першапрычына, 
Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству. 
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны! 
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!


Сярэдняя: 3.4 (5 галасоў)

Калі воўк захварэў,
Ён ад зграі ўцякае ў гушчар;
Боль нутра
Лечыць зеллем гаючым
У пушчы сабака...
Чым жа мне ўціхамірыць
Душы запалёнае жар,
На бязлюднасці стылай
Азябламу небараку?!

Ці спрабую ўцячы
Я на бераг сцюдзёнай ракі,
Ці блукацьму па сопках
Адлучаным зверам самотным,
Ці гляджу, як плывуць
Хмаркі-лебедзі ў светлы блакіт,
Як бяжыць лёгкі цень
Над прастораю тундры вільготнай...

Дзьмуць з усходу вятры
У былую маю старану,
Дзе зямля маіх продкаў,
Бацькоў дарагія магілы,
Дзе мая Беларусь
Без мяне сустракае вясну,
Што дала катаржаніну
Прагу да волі і сілу...

Смерць спакойна сваю
Прыме моўчкі знясілены воўк,
Боль шалёны свой спыніць
Сабака чароўнай травіцай.
Я ж, чый роспачны крык
Анямела у горле замоўк,
Як змагу адзінотай згібення
Каварнаму лёсу скарыцца?!

Не ўцячэш ад самога сябе,
Лбом сцяны не праб'еш,
І жыццё, як іржавы ланцуг на нагах,
Безудзельна бразгоча.
Хіба ж мудрасці бог
Ніспашле сваю волю табе,
Каб адолець ты змог
Чарнарыззе бясконцае ночы?!

У тузе скавытаць
Можа лайка на поўню ўначы,
Можа воўк доўга выць
На дымок, што з ярангі віецца,
Мне ж не дадзена
Боль свой нясцерпны перамагчы,
Зарыдаўшы бязгучна,
Далоняй прыціснуўшы сэрца...

Мне прысуджана
Горка ўсміхацца ўсяму, што наўкруг,
Ўсім стварэнням зямным —
Чалавеку, казюлі, жывёле,
Мне прысуджана
Ў душы зірнуць душагубаў, зладзеяў, падлюг,
У калек і пачвар
Адшукаць знак чароўнае боскае волі!

Як пакінуць мне вас
Гэтай ноччу бяздоннай, нямой,
Зазірнуўшы сусвету
Ў яго таямнічыя вочы,
Каб світанак сустрэць
На паверхні зямелькі сваёй,
Назаўсёды пакінуўшы
Бераг бясконцае ночы!



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Быццам джына выпусцілі з пляшкі, —
Паспрабуй запхні яго назад.
Дзіка скачуць голыя мілашкі,
Ледзь прыкрыўшы банцікамі зад.

Нібы ў конскай збруі, ўвесь у бляшках,
Канвульсіўна курчыцца «саліст»...
Скуль яна — нястрыманая бражка,
Скуль ён — той грывасты хлюст ці хлыст?!

Скуль ён — утрапення дух разгульны,
Лоўчы неспакушаных ахвяр?!
Прайдзісвету ў кодле тым утульна,
Наркаману тут лафа і фарт...

Запусці такіх знянацку ў джунглі —
Бедных малпаў выкасіць інфаркт!