Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Анастасія Іватовіч

Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

А я, мабыць, адцягнуся ад разваг,
Каб адчуць свабоду пасля сну,
Акунуцца зноў у цеплыню,
Што змяшчае хатняй ежы пах.

А я, мабыць, адцягнуся ад трывог,
Каб растаць у радасці хутчэй,
Зазірнуўшы ў родных бляск вачэй,
Каб ад ветру ўзяць бадзёрасць ног.

А я, мабыць, адмоўлюся ад дум,
Бо спакой праз словы не стварыць,
Можна толькі гэты стан пражыць,
Пераадолеўшы свой боль і сум.

Я адмоўлюся чакаць пад прыкрыццём
І ў гэты момант зноў сябе вярну,
Каб проста быць, а не ўцякаць адсюль.
А я, мабыць, адцягнуся на жыццё.



Сярэдняя: 4 (5 галасоў)

Навошта мы ёсць у асобе?
Камяк амбіцый, якому не хапае...
Як быццам ад пачатку ў хваробе.
Трохі скажоная, трохі сляпая...

Ці правільна карыстаемся формай
Для неабмежаванай адлегласці,
Чаго немагчыма перадаць словам,
Але выказаць канкрэтнай дзейнасцю?

Дзякуючы чыёй недасканаласці
Можна явіць такія магчымасці,
Як мужнасць самаахвярнасці
І прыгажосць шчырасці.

Няма лепшага выйсця...
Любоў ніколі не была дагэтуль
Такім жывым і сапраўдным чымсьці
На годным п'едэстале мэты!



Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)

Сонца шэпча цёплай казкай,
У паветры водар мёду.
Ён апоўдні ля ўваходу,
Як дамовіліся разам.

А яна настрой на плечы,
Лёгка ўніз па тых прыступках
І ляціць натхнёна, хутка.
Так жаданая сустрэча.

Сапраўды, любоў ніколі
Адзіноты не трывае.
І пачуцці ўсе ствараюць
Кожны раз прынамсі двое.

Як бы выгляд ні рабілі,
Шчасце ад таго залежыць,
Ці ў стасунках з бліжняй вежай
Супакою, згоды крылы.

Хтосьці нас невыпадкова
Любіць моцна, любіць шчыра,
Што адзінай ёсць прычынай,
Па якой жывём нанова.

Кожны з нас абавязкова
Любіць так кагосьці светла –
Гэта ёсць адзінай мэтай
Руху па шляху жыццёвым.

Адчыніліся нарэшце
Дзверы, двое асцярожна,
Але радасна, бо кожны
На сваім цяпер ёсць месцы.

Ён прытуліць зноў ласкава,
І яна ў яго вачыма.
Той бесцэнны іх абдымак.
Яны побач. Дасканала...



Сярэдняя: 4.4 (5 галасоў)

Салаўіная песня
Адганяе думкі,
Прымушае быць
Зараз у гэтым месцы
Адкрыта і чуйна -
Гэта значыць жыць.

Вяртае цябе з памылак,
Лішніх хваляванняў,
Вяртае дамоў,
Дзе час быццам застылы,
Ніякіх чаканняў,
Непатрэбных слоў.

Дзе ўсё інакш працуе,
Сябе адключыўшы,
Становішся ўсім.
Калі межы мінулі,
Сваю сутнасць змяніўшы,
І ўсё стала адным.

Усё часовае - Божым,
Чужое - братнім,
Сваё ж у чарзе.
Калі ты нарэшце можаш
Любіць астатніх,
А навучаць сябе.