Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Марына Баброўская

Сярэдняя: 3.9 (27 галасоў)

Я самы звычайны беленькі зайчык.
Хаваўся я ў сьнезе ад злыдняў ваўкоў.
Міргнуў мне зь нябёсаў месяц-акрайчык.
Пакінуў я норку ды ў вёску пайшоў.

Зірнуў ў задуменьні на белы дымок.
Спыніўся ля невялічкай хацінкі.
Там ёлка прыбраная бачна здалёк.
На шыбах мароз саткаў павуцінкі.

Залез у сумёты, ў акенцы гляджу:
Рыхтуецца люд сустракаць Новы год.
Ад холаду я ды ад страху дрыжу:
І вушкі замерзьлі, і лапкі як лёд...

А ў залі агромісты кот паласаты
На мяккай канапе вальяжна расьсеўся.
Страшэнна стаміўся гарэза вусаты,
Бо вэнджаным мясам ды салам аб’еўся.

Крыху адпачыў і зноў скокнуў на стол.
Пасьцягваў з канапак плотку і шпроты.
Ды тут гаспадар у пакой увайшоў.
Зьбянтэжыўся кот, прыціх, ну а потым

Узьлез на фіранкі і з крыкам: “Мяў! Мяў!”
Сарваў іх з вакна, зьляцеў на падлогу,
Заблытаўся ў сетцы карункаў, а я
Забыўся на страх, пабег на падмогу.

Кот выскачыў ў сенцы, вядро абярнуў,
Напоўненае сьцюдзёнай вадою.
У збан са сьмятанай свой хвост абмакнуў
І сутыкнуўся нарэшце са мною.

Мы разам разьбілі слоік з варэньнем
І шпарка пабеглі хавацца пад ёлку.
Крычэў гаспадар: “Ну што за стварэньне!...”
Кату было вельмі, вельмі няёмка.

Цягнуў гаспадар яго ў хату за хвост,
Запэцканы тлустай белай сьмятанай.
Кот скардзіўся на нешчасьлівы свой лёс.
Пад ёлку прыбегла красуня Яна.

“Ой, тата, глядзі, тут схаваўся зайчык”, –
Усклікнуў блакітнавокі анёлак.
У небе ўсьміхнуўся месяц-акрайчык,
І трапіў я ў царства морквы ды зёлак.

У хатцы ўтульнай, на печачцы цёплай
Сагрэў свае вушкі, хвосьцік і лапкі.
Мяне частавалі салодкай морквай,
Смачнай капустай, вялізнаю храпкай.

Пад ёлкаю мы Новы год сустрэлі.
Адсутнічаў толькі кот-небарака.
Ён соладка спаў на мяккай пасьцелі.
І трэсьліся сьцены ў хаце ад храпу...



Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)

Мы па жыцьці ляцім, як вецер.
Ня маем часу для таго,
Каб быць цікаўнымі, як дзеці,
І бачыць сьвету хараство.

Калі грыбы зьбіраем ў лесе,
Ці ж прыслухоўваемся мы,
Як салаўі сьпяваюць песьні,
Аб чым шапочуць верасы?

Ці заўважаем, як вавёркі
Нясуць арэшкі у дупло?
Як зіхацяць у рэчцы зоркі,
Хоць дзень настаў ужо даўно?

Гадзіньнік лічыць нам хвіліны.
Імклівай ланьню час бяжыць.
Калі б яго спыніць змаглі мы,
Жыцьцём ці сталі б даражыць?

Усё ляцім, нібыта вецер,
Нам не спыніцца нізашто...
І разумеюць толькі дзеці
Жыцьця і сьвету хараство.

(Вольны пераклад з ангельскай мовы )