Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць

opera для сенсорных телефонов
Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Новы год

Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)

Сябры мае! Віншую вас
З найлепшым святам – Новым годам!
Хай новы дзень і новы час
Змяце ў мінулае нягоды!

Хачу вам шчыра пажадаць,
Каб ззяла ў сэрцах вашых сонца,
А ў вашы душы благадаць
Лілася ліўнымі бясконца!

Каб зоркі падалі ў руку,
А на стале было да хлеба.
І каб хапала ў кашальку
На ўсе надзённыя патрэбы.

Хай будзе ў сем’ях вашых мір,
І разуменне, і пяшчота,
Каб не нуды – кахання вір
Суправаджаў пачуццяў дотык!

Дай Бог здароўя вам збанок
Ды й ‘шчэ куфэрак весялосці,
Каб не зваліла стома з ног,
Пакуль да вас даедуць госці!

Жадаю ўдачы вам, святла,
Дабра, спакою, мудрай згоды -
Каб радасць шчыраю была!
Жывіце ў шчасці! З Новым годам!



Сярэдняя: 4 (10 галасоў)

Я самы звычайны беленькі зайчык.
Хаваўся я ў сьнезе ад злыдняў ваўкоў.
Міргнуў мне зь нябёсаў месяц-акрайчык.
Пакінуў я норку ды ў вёску пайшоў.

Зірнуў ў задуменьні на белы дымок.
Спыніўся ля невялічкай хацінкі.
Там ёлка прыбраная бачна здалёк.
На шыбах мароз саткаў павуцінкі.

Залез у сумёты, ў акенцы гляджу:
Рыхтуецца люд сустракаць Новы год.
Ад холаду я ды ад страху дрыжу:
І вушкі замерзьлі, і лапкі як лёд...

А ў залі агромісты кот паласаты
На мяккай канапе вальяжна расьсеўся.
Страшэнна стаміўся гарэза вусаты,
Бо вэнджаным мясам ды салам аб’еўся.

Крыху адпачыў і зноў скокнуў на стол.
Пасьцягваў з канапак плотку і шпроты.
Ды тут гаспадар у пакой увайшоў.
Зьбянтэжыўся кот, прыціх, ну а потым

Узьлез на фіранкі і з крыкам: “Мяў! Мяў!”
Сарваў іх з вакна, зьляцеў на падлогу,
Заблытаўся ў сетцы карункаў, а я
Забыўся на страх, пабег на падмогу.

Кот выскачыў ў сенцы, вядро абярнуў,
Напоўненае сьцюдзёнай вадою.
У збан са сьмятанай свой хвост абмакнуў
І сутыкнуўся нарэшце са мною.

Мы разам разьбілі слоік з варэньнем
І шпарка пабеглі хавацца пад ёлку.
Крычэў гаспадар: “Ну што за стварэньне!...”
Кату было вельмі, вельмі няёмка.

Цягнуў гаспадар яго ў хату за хвост,
Запэцканы тлустай белай сьмятанай.
Кот скардзіўся на нешчасьлівы свой лёс.
Пад ёлку прыбегла красуня Яна.

“Ой, тата, глядзі, тут схаваўся зайчык”, –
Усклікнуў блакітнавокі анёлак.
У небе ўсьміхнуўся месяц-акрайчык,
І трапіў я ў царства морквы ды зёлак.

У хатцы ўтульнай, на печачцы цёплай
Сагрэў свае вушкі, хвосьцік і лапкі.
Мяне частавалі салодкай морквай,
Смачнай капустай, вялізнаю храпкай.

Пад ёлкаю мы Новы год сустрэлі.
Адсутнічаў толькі кот-небарака.
Ён соладка спаў на мяккай пасьцелі.
І трэсьліся сьцены ў хаце ад храпу...