Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Святаслаў Свяцкі

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Зорачка, зорка! Маленькі ліхтарык,
Светлая кропка ў начной вышыні!
Недзе здалек на Зямлі дробны шарык
Шчодра ты сыплеш свае прамяні.

Цемру, што мір навакольны накрыла,
Што неабмежна пануе ўначы,
Света жывога магутнаю сілай
Ты намагаешся перамагчы.

Толькі занадта жывеш ты далека
Ў княствах магутных агромістых зор
Промням тваім шлях даецца нялёгка:
Большасць захопіць сусветны прастор.

З блізку ты, можа, магутней за Cонца,
Толькі калі хто ад нас паглядзіць,
Ты на нябёснай тканіне бясконцай
Гузік маленькі, што ледзь зіхаціць.

І ні за што б табе сіл не хапіла,
Ператварыць ноч падобнай да дня.
Толькі на шчасце ў начным небасхіле
Сыплеш праменнямі ты не адна.

Дружнаю казачнаю талакою
Млечнага шляху, сузор'яў, планет
Кожную ноч па-над соннай Зямлёю
Зоры святлом напаўняюць Сусвет.

Дораць надзею і напамінаюць:
Рана ці позна - ізноў будзе дзень,
Цемра адступіць і сонца падарыць
Кожнаму з нас сваёй ласкі прамень.

Толькі ў пагоні за светлаю марай
Разам з сябрамі заўсёды ты кроч:
Па аднаму нас не бачна з-за хмары,
Разам жа зможам адолець і ноч.



Сярэдняя: 4.7 (3 галасоў)

Ноч, аўтобус, Шабаны,
Радам чыйсьці твар памяты.
Дзень прасіжваў я штаны,
Зараз еду ўжо дахаты.

Шмат чаго паспеў зрабіць,
Шмат чаго адклаў "на вечар".
Толькі ў галаве гучыць
Думка: як хутчэй бы легчы?

Як дамоў дакалываць?
Як дамоў партфель данесці?
Ну а там - адразу спаць,
Можна нават і не есці.

Галаву асвабадзіць,
Зняць няўтульнае адзенне,
Даць спіне ўжо адпачыць
Ад бясконцага сядзення,

Нават тэлік не глядзець -
Распластацца ў мяккім ложку,
Каб да раніцы паспець
Выспацца хаця бы трошкі,

Перад тым, як зноў устаць,
Ледзьве рашчапіўшы вочы,
Цэлы дзень прапрацаваць -
І дамоў вярнуцца ноччу.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Няма ні месяца, ні сонца -
Усё згубілася ў дажджы,
Што лье марудна і бясконца,
Куды ні глянь, ні пабяжы.

Усеабдымная дрымота
Пазбавіць сіл паспела нас:
Няма жадання ў цяжкіх ботах
Пад парасонам бавіць час,

Ніякай справаю займацца,
Тым больш - як-небудзь працаваць.
Вось лепш зусім не падымацца,
А ў ложку цэлы дзень ляжаць

І не высоўваць вонкі нос,
І бачыць сны пад цёплай коўдрай
Пра час, калі з усмешкай добрай
Нам ззяе сонейка з нябёс.



Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Часам так здараецца, што ноччу
Ты, хаця за дзень і прытаміўся,
Як бы толькі ў ложку не круціўся -
Да світання не заплюшчыш вочы.

І пры гэтым поўны ты жадання
Да Марфея завітаць у госці,
Але розум думае чагосьці
Пра касмаганічныя пытанні.

Думкі, бы міфічныя пачвары,
Ні на момант не даюць, спакою,
Круцяцца няспынна талакою,
Скачуць перад асавелым тварам.

Ад каго такая ўзнагарода,
Што падобна больш на пакаранне? -
Задаю я сам сабе пытанне. -
За якую ветлівасць ці шкоду?

Ці наогул могуць быць учынкі,
За якія можна расквітацца
Толькі ў дні бесперапыннай працы
Пазбаўленнем сна і адпачынку?

Нават як у галаву прыб'ецца
Архігеніяльная ідэя,
Я ж і азірнуцца не паспею,
Як сляда яе не застанецца,

А між тым мяне ізноў чакае
З ранку боль у скронях беспрыпынны,
Буду раздражняльны без прычыны,
І ўсе скажуць: "Зноў недасыпае".