Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Валянціна Аксак

Нарадзілася 28 красавіка 1953 года ў вёсцы Смалічы Нясвіжскага раёну. Скончыла гістарычны факультэт БДУ (1975). Працавала карэспандэнтам, аглядальнікам у газетах, загадчыкам аддзела культуры часопісу «Беларусь». Карэспандэнт «Радыё Свабода». Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў (з 1994).

Дэбютавала вершамі ў Наваполацкай шматтыражцы «Хімік». Аўтар зборнікаў паэзіі «Цвінтар» (1992), «Капліца» (1994), «Антычны дождж» (1999), «Віно з Каліфорніі» (2003), «Ружоўніца» (2008).

aksak.jpg


Сярэдняя: 4 (23 галасоў)

He стае сіл для новых пакут,
У прадонне зрываецца сэрца.
Мне з табою ўжо болей не стрэцца,
He шукай мяне, любы мой, тут.

У прадонне зрываецца сэрца.
Маё шчасце аб іншае рвецца,
I катуе ў расстайным прызнанні
Біярытму глухое маўчанне.

Мне з табою ўжо болей не стрэцца,
Цябе іншай і лепшай дарую,
Хай яна ў ночы шлюбнай пачуе,
Як чужое імя ў прорву тую
З родных вуснаў маўкліва сарвецца.

He шукай мяне, любы мой, тут,
Мне з табою ўжо болей не стрэцца,
У прадонне зрываецца сэрца.
He стае сіл для новых пакут.



Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Цельца зусім растапілася,
выліўся воск у падспод кандэлябры,
голасам роспачы з кліраса
полымя творыць сусвет непаглядным.

На ацалелай кнатовінцы —
высілкі, вартыя людскай пашаны, —
цень, як жыццё на саломінцы,
вогнік ратуе.

Нязгасным —
асанна!..



Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Дзень пачынаўся досвіткам зіхоткім,
Згаданай казані жывым радком,
Наіўнай веры цеплячок дрыготкі
Запалымнеў няспраўджаным грахом.

I я пайшла задзірванелым шляхам
Да крыжавых пакінутых дарог,
Дзе клён даваў прытулак раннім птахам,
Дзе за капліцай хату Бог сцярог.

Ля сцен старых маленькаю нябогай
Падбелу сонейка надумала цвісці,
Вялізны цень на крыжавых дарогах —
Сівы і мудры крук сюды ляціць.

Згас далягляд за пракаветным месцам,
Грахоўнасць мроі выстыла ў грудзях...
Ноч прамінецца, і святым дасвеццем
Святая вестка пойдзе па людзях.