Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Чатыры паклоны лесу

Сярэдняя: 4.5 (8 галасоў)
                          1

                             У сасновым лесе маліцца...

Словам цесна ў малітоўнай раме,
з іх ружанец не звязаў паэт,
Бог жыве ў нерукатворным храме —
як сцвярджае Новы Запавет.
Кінуўшы не ўзлессі злосці прашчы,
кленчыў продак, мяккі мох мясіў,
з прошчы гушчароў на лёс прапашчы
наракаў і літасці прасіў.

На сасну са сну глядзеў зайздросна
росным ранкам граб, малы, як грыб:
— Ой ты сосна, гонкая выросла... —
і на ветры, прышлы, сіп і хрып.

А сасна, а векавыя сосны,
нацягнуўшы промні, як ніты,
красна сонца ўсаджвалі за кросны,
каб саткала пояс залаты.

Смольным мёдам поўны, нібы соты,
бор знянацку ўчыняў спалох
і ў заходу, можа, ў раз двухсоты
адбіраў бурштынавы пылок.

Дзяцел у жаўны пытаў: чыя ты?
Шэпты шыфраваў і галасы.
Вылезшы з дупла, ваверчаняты
церабілі соснам кутасы.

З яру, як з-пад накрыўкі кадзіла,
поўз туман сівушны на разбой —
пад нагамі ў дрэў зямля хадзіла,
і хістаўся вершалінаў збой.

Кленчыў продак.
Ветру сумны найгрыш 
бурай адгукаўся навакол.
Сосны моўчкі падалі крыж-накрыж
на ахвярна ўсланы гліцай дол.

                         2

                                   ...у бярозавым любіцца...

Мы высокай хваробай хварэлі.
Лекар наш — гай бярозавы — вось ён.
Атуляе свае акварэлі
чорна-белымі рамамі восень.

Паспрабуй, дождж, на іх пасягні,
хмары зрынуцца з неба, гайня як —
а ўжо ў іх на баках пісягі,
іх бізун перуна даганяе.

Бліскавіцы разгневаны бівень
прамахнуўся ў курган каля гаю.
Як праз марлю, адцэжаны лівень
пад бярозамі ў мох залягае.

З халадком незямным ён — няхай.
Страх прастыгнуць хіба ў галаве мне?
Ваша светласць, бярозавы гай,
мы ў чаканні твайго блаславення.

На каханне нас, гай, блаславі,
запрасі ў церам свой, у святліцу,
ў хорам свой, што як Спас на крыві,
на любові паўстаў і свяціцца.

Сонцапад з залатых дыядэм
распачне раптам восень-гандлярка.
Гэта наш даўгажданы эдэм,
трыумфальная нашая арка...

Потым, як на прачыстым стале,
бы ў альбом захмялелыя госці,
на бярозавым белым ствале
мы напішам пісьмо на бяросце.
 
Пройдзе доўгіх дзве тысячы год,
і, разгрэбшы сатлелае лісце,
прачытае наш вечны народ,
як жылі і кахалі калісьці.

                           3
                                  ...у дубовым волю каваць...

Нібы ў аблозе крымскае арды
стаіць сярэднявечная фартэца —
дуброва дрэмле, выслаўшы вятры
ў поле з непрыяцелем сустрэцца.

Высока, куды вораг не дапне,
чакаючы сігналу да атакі,
за пазухаю ў дуба, у дупле
хаваюцца маланкі, як вужакі.

I прэч чужак паверне, сам не свой,
пра свой намер забудзецца адразу,
як поўня аднавокаю савой
яму з-пад хмараў крыкне пра паразу...

Чароды, шэрых пёрыстых аблок
прыціхлі ў шатах, нібы мышы ў стогу,
адно на дол вялікі хтось звалок
і зацягнуў у сонную бярлогу.

Дзень цені, нібы парабкаў, найме,
яны ж палягуць — кіем не падперці.
I кожнай былцы вечнае наўме,
і мурашу прымроіцца бяссмерце.

I будзе ў борці одумна пчале,
забудзецца ручай пра шлях няблізкі,
і ў сонечнай дубровы на чале
распусціцца вянок капіталійскі.
 
                             4

                               ...у яловым душу д'яблу
                               прадаваць...

Яліны сочаць змену квадры
пад ветахам, стаіўшы выдых.
Як пірамідам, з гэтай варты
ім не сысці ў цяжкіх хламідах.

Дапільнаваўшы
нібы магі,
пачнуць над возерам гаданне,
яно сплытчэе, як ад смагі,
яго люстэрка чорным стане.

I з'явіцца маленькі чоўнік
на ўзбоччы месячнай дарожкі,
а ў чоўне скурчаны карчоўнік
вадзяніку пакажа рожкі.

I лес заплача, зарагоча,
заскача, задрыжыць, заенчыць,
прадацца д'яблу не захоча
і ў немым сполаху закленчыць.

He скінуць ноч, як той заплечнік.
Лес так занудзіцца па сонцы! —
ды знікне сонечны сланечнік
паміж аблок, нібы ў палонцы.

Яліны прыйдуць да палянкі,
сумовяцца з жальбой у зрэнках,
як местачковыя шляхцянкі
ў даўгіх шмат'ярусных сукенках.

adidas


Цудоўны гімн нашай цудоўнай

Цудоўны гімн нашай цудоўнай прыродзе. Дзякуй вялікі!