“…Долю ж мая, долю!”–
Па начох
Гушкала журбу маю самота, –
“Ці ж цябе гнявіла?
Бачыць Бог!
Ці ж тваю я праклінала слоту?
Ой, мая ты ж долю,
Ці ж калі
На твой нораў жорсткі наракала?
Клікалі ў нябёсы жураўлі,
Поўня ноччу чорнаю гукала.
Крыўдавала ў думках –
Ой, маню,–
Колькі раз здавалася адчайна!
Долю ж мая, долю,
Гаманю
Ці ж табой, ці з горыччу звычайнай?!”
...Вецер б’е па шыбах
Па начох.
Гушкае журбу маю самота:
“…Долю ж мая, долю!
Бачыць Бог!
На мяне забылася ты ўпотай!”