Што схавана ў слове "дзьмухавец"?
Мо ўдавец памёрлай "мухі-дзьмухі?
Ці "квятушка-дзьмушка"? Ці малец,
што "прычоску" ейную "раздзьмухаў"?
Ці авечак — дзвюх — авечы "дзьмух"?
Ці "хавец", што "дзьму" кудысь хавае?
Ці яшчэ якійсьці "дзьмушны" зух,
пра які й даследчыкі не знаюць?
"Закіпаю". Думкі ў галаве —
быццам я "пад дзьмухаю" — не ўпасці б!
А "ўсёзнаўца" — ўнучак у траве —
рве і сее
сонечнае
шчасце...