Казіміру Камейшу
Залеўны чэрвень
вока цешыць:
Трава — па пахі ў нізах.
I млее, плача ў падстрэшшы,
Вісіць, маркоціцца каса.
Ды вось нарэшце адгалоскі
Кавадлаў, бабак, малаткоў
Ускалыхнулі засень вёскі
Перажагнаннямі вякоў.
Знаёмы рып варот і весніц...
Вячорак дымная вісьба...
I певень ранкам апавесціць
Спрадвек святочнае:
«Касьба».
I як на полі цяжкай сечы,
Махае бацька з-за пляча,
Каб луг разбуджаны
засведчыў,
Што гарт юнацкі не зачах.
I я іду... Узмах — аглядкі...
Касы вібрыруе насок...
— Глядзі, сынок,
падрэжу пяткі...
Бяры шырэй, шырэй, сынок!
Вяду касу, вяду як трэба,
Ганю ўпэўнена пракос...
Адзін узмах —
вясёлка з неба,
Другі ўзмах — і сена воз!
А бацька
шустраю мянташкай
Маланкі з хмары выкрасаў...
I зноў каса ідзе з адцяжкай,
Спявае, брыючы, каса.
Каса — краса,
жыцця прыўкраса...
Лучок мільгае з-пад крыса,
Рука з касільнам
зліта разам —
I аж высвіствае каса.
А бацька рэй на дзялцы
вершыць,
Ажно рукавы закасаў:
— Касіць, сынок, —
табе не вершы
Пра тое-гэтае крамзаць.
Прысняцца траў
тугія космы...
Раса — як божая сляза...
Радкі паэзіі — пракосы,
А ручка — бацькава каса.
класс
класс