Мне нельга памерці... Ніяк... Ну, хаця б да тых пор,
Пакуль не прыдбаю абутак сабе і адзенне.
Ў дзіравых шкарпэтках, напэўна, не прымуць у морг,
Бо з іх там рагочуць і ўрач, і нябожчыкаў цені.
Мне нельга памерці... Бо трэба яшчэ зарабіць
На месца, на крыж, на вяроўку і на адпяванне…
Усё-ткі танней сёння, хоць бы і блага, ды жыць,
Чым нешта з зарплаты заціснуць на дзень пахавання.
Мне нельга памерці, пакуль не збяру на труну,
На той катафалк, што на могілкі вывязе цела,
На стол памінальны, як будзе каму памянуць
Дурніцу-душу, што ўсё нейкага шчасця хацела.
Мне нельга памерці... Таму я дагэтуль жыву...
І жыць спадзяюся ‘шчэ доўга – амаль што бясконца -
Пакуль не згублю ў ліхалецці сваю галаву
З наіўнаю верай, што цемра – заспанае сонца.