Мне варона-францужанка
Лёс калісьці накаркала:
Што мне ў пару прысуджаны
Будзе венчаны з чаркаю.
Будзе венчаны з чаркаю,
З хмельнай лютасцю шэраю…
Мне варона накаркала…
Я таму не паверыла…
Я таму не паверыла,
Але гэтак і сталася:
Лапцем ліханька мерыла,
Морам слёз упівалася…
Морам слёз упівалася,
Насычалася з’едкамі…
Нібы птушка, матлялася
Над маленькімі дзеткамі…
Над маленькімі дзеткамі -
Каб з гаротай не зналіся,
Каб дзівоснымі кветкамі
Да святла павярталіся…
Да святла павярталіся,
Да сусвету адкрытага…
За матулю трымаліся,
Не за бацьку прапітага…
Не за бацьку прапітага,
А за веды глыбокія,
Што, старанна дабытыя,
Ў працы стануць палёгкаю.
Ў працы стануць палёгкаю,
Ў людзі добрыя вывядуць -
І на справы высокія,
І на мудрыя вывады…
Мне варона-францужанка
Лёс калісьці накаркала:
Што мне ў пару прысуджаны
Будзе венчаны з чаркаю.
Будзе венчаны з чаркаю,
З хмельнай лютасцю шэраю…
Мне варона накаркала…
Я таму не паверыла…
Я таму не паверыла…
Але з год ужо ёсьціка,
Як зямельцы даверыла
Свайго мужа-нябожчыка.
Свайго мужа-нябожчыка
Пахавала, аплакала…
А за дзетачак, Божачка,
Ад душы Цябе дзякую!